Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 20 Ліпень 2016 11:34

Выкладчыкі і студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у святкаванні 140-годдзя з дня нараджэння беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі)

14823 4Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гродзенскі гарадскі клуб творчай інтэлігенцыі «Грані» арганізавалі і правялі музычна-паэтычны вечар «Пяю з сэрца», прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі).

 

Удзельнікамі сустрэчы сталі літаратары, музыканты, паэты і тыя, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і літаратурай. Сярод іх выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

– Для гарадзенцаў з'яўляецца вялікім гонарам тое, што першай беларускай паэткай стала наша зямлячка Алаіза Пашкевіч, вядомая ў літаратуры пад псеўданімам Цётка. Яна тварыла для будучыні, менавіта таму так прыгожа і велічна была названая сучаснікамі: «абранніца вечнасці», «Вялікая беларуская Будзіцелька», «арыгінальная арыгінальнасць»... Менавіта ёй належыць першая скрыпка ў аркестры беларускай паэзіі ХХ стагоддзя, таму што першай яна была і як паэтка, і як асветніца, і як педагог. Менавіта яна - «палкая і вечна маладая Маці беларускіх паэтак», - вітаючы ўдзельнікаў вечара, адзначыла член Саюза пісьменнікаў Беларусі, загадчык кафедры беларускай літаратуры нашай ВНУ Аліна Эдмундаўна Сабуць.

На сустрэчы перад гасцямі выступілі і маладыя паэткі, сярод якіх студэнткі філалагічнага факультэта Аліна Паўлоўская і Вікторыя Смолка. Дзяўчыны чыталі вершы, навеяныя творчасцю беларускай паэткі і яе асобай. Акрамя таго, у гэты вечар прагучалі аўтарскія песні і вершы Цёткі, пакладзеныя на музыку.

Па матэрыялах газеты «Гродзенская праўда»