29 лістапада Нацыянальная школа прыгажосці ў рамках праекта "Формула стылю і іміджу сучаснага педагога" наведала Гуманітарны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Перад купалаўцамі выступілі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Нацыянальнай школы прыгажосці Галіна Гайдук, кансультант па іміджы, стыліст, выкладчык Нацыянальнай школы прыгажосці Юлія Сяржан, вядучы спецыяліст па рабоце з моладдзю Нацыянальнай школы прыгажосці, выкладчык па аратарскім мастацтве і сцэнічнай прамове Анастасія.
Юным педагогам расказалі, што форма адзення – гэта своеасаблівы сімвал іх прафесійнай прыналежнасці. Правільны выбар адзення дапамагае стварыць прыемнае ўражанне і спрыяе фармаванню аўтарытэту.
А таксама быў адзначаны той факт, што немалаважную ролю ў фармаванні іміджу педагога гуляе не толькі вонкавы выгляд, але і манера зносін, выкарыстанне жэстаў і мімікі.
Серыя майстар-класаў дазволіла ўдзельнікам удасканаліць навыкі пісьменнай камунікацыі і навучыла аказваць станоўчы і канструктыўны ўплыў на субяседніка. Заняткі былі праведзены па наступных тэмах: «Спалучэнне макіяжу і прычоскі ў паўсядзённым вобразе педагога», «Стыль і імідж. Складнікі іміджу», «Маўленчы імідж і самапрэзентацыя».
Таксама для гасцей з Нацыянальнай школы прыгажосці была арганізавана экскурсія па навучальнай установе.
Такім чынам, гэтае мерапрыемства не толькі павысіла ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі юных педагогаў, але і дало ім магчымасць завесці новыя знаёмствы і пашырыць свае гарызонты, што несумненна станоўча адаб'ецца на іх будучай практыцы.