85 гадоў Віктару Антонавічу Садаўнічаму споўнілася 3 красавіка. Ірына Фёдараўна Кітурка скарысталася магчымасцю павіншаваць юбіляра асабіста ў рамках форуму рэктараў універсітэтаў Расіі, Бразіліі і Беларусі. Рэктар Купалаўскага ўніверсітэта паднесла Віктару Антонавічу вытанчаны падарунак – набор крыштальных шахмат.
Акадэмік і член прэзідыума РАН, прэзідэнт Расійскага саюза рэктараў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РФ, буйны вучоны, вопытны педагог і настаўнік, грамадскі дзеяч з вялізным аўтарытэтам і бездакорнай рэпутацыяй - усё гэта пра Віктара Садаўнічага.
Адзначым, што Купалаўскі ўніверсітэт і Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава маюць багатую гісторыю супрацоўніцтва. З 2012 года рэалізуюцца акадэмічныя абмены супрацоўнікамі і навучэнцамі, праводзяцца сумесныя навуковыя даследаванні, прадстаўнікі ВНУ актыўна ўдзельнічаюць у канферэнцыях і семінарах, спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах. Дарэчы, ГрДУ імя Янкі Купалы і МДУ імя М.У. Ламаносава падтрымліваюць не толькі партнёрскія адносіны, але і цёплыя сяброўскія.