Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 11 Жнівень 2026 12:47

Каманда студэнтаў-дызайнераў ГрДУ імя Янкі Купалы аформіла другі экалагічны тралейбус у Гродне

photo 2026 08 11 11 10 1910 жніўня па маршрутах грамадскага транспарту Гродна пачаў курсіраваць другі тралейбус з унікальным экалагічным стылем. Аўтарамі яркага дызайну сталі студэнты факультэта мастацтваў і дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Барты транспарту, упрыгожаныя яркімі выявамі з заклікамі берагчы навакольнае асяроддзе, – вынік перамогі каманды «Гродзенскія сліўкі» ў конкурсе сацыяльнай рэкламы. Конкурс быў арганізаваны Гродзенскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Праца купалаўцаў была па заслугах ацэнена журы за глыбокае разуменне экалагічнай праблематыкі і арыгінальнае візуальнае рашэнне. Цяпер на бартах тралейбуса красуюцца вядомыя сімвалы Гродна і малюнкі, якія заклікаюць беражліва адносіцца да прыроды.

Намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксей Гарохаў расказаў, што пры выбары пераможцы журы конкурсу ўлічвала актуальнасць экалагічнага парадку дня, спецыфіку рэгіёну, а таксама крэатыўнасць і практычную прымянімасць праектаў.

Курсіраваць экатралейбус будзе па двух маршрутах: № 7 – у працоўныя дні і № 6 – у выхадныя.

Адзначым, што гэта не першы поспех купалаўцаў у такіх праектах. У мінулым годзе ў Гродне ўжо курсіраваў першы экатралейбус, аформлены па дызайн-праекце іншай каманды Купалаўскага ўніверсітэта – «Цурікаты», у якую ўвайшлі студэнты факультэта мастацтваў і дызайну і факультэта біялогіі і экалогіі.