Для маладога чалавека Дзень народнага адзінства - гэта не проста дата ў календары. Гэта магчымасць адчуць сябе часткай вялікай гісторыі, зразумець, што нашыя карані, мова і культура – гэта тое, што аб'ядноўвае пакаленні. Гэта напамін аб тым, што сіла моладзі – у адзінстве, павазе да мінулага і гатоўнасці будаваць будучыню сваёй краіны. Захоўваючы гістарычную памяць, мы вучымся шанаваць сучаснасць і бярэм на сябе адказнасць за Беларусь, у якой будзем жыць мы і нашыя дзеці.
Напярэдадні Дня народнага адзінства ў ГрДУ імя Янкі Купалы праходзяць сустрэчы на ўсіх факультэтах у рамках Адзінага дня інфармавання. Гэта не адно лакальнае мерапрыемства, а серыя дыялогавых пляцовак, якія ахопліваюць кожны факультэт універсітэта. Спікерамі выступаюць члены інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, палітолагі і гісторыкі Купалаўскага ўніверсітэта. Фармат – адкрыты дыялог, дзе можна і трэба задаваць пытанні.
Для ГрДУ імя Янкі Купалы Дзень народнага адзінства – важны арыенцір для сучаснасці і будучыні. Універсітэт аб'ядноўвае студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў розных пакаленняў, поглядаў і прафесій, але ўсіх нас звязвае адно – любоў да роднай зямлі, павага да яе мінулага і імкненне рабіць яе мацнейшай. Купалаўцы – гэта вялікая сям'я, дзе цэняць традыцыі, берагуць памяць і разам будуюць будучыню. І няхай гэтае свята нагадвае нам: толькі ў адзінстве, узаемаразуменні і павазе адзін да аднаго – наша сіла, наш гонар і наша незалежнасць.
#17верасня #адзіннарод
17 верасня 1939 года – дзень, які аднавіў гістарычную справядлівасць і паклаў пачатак уз'яднанню Беларусі. Падзелены па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы 1921 года беларускі народ ізноў апынуўся разам: Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. Гэта падзея стала важнай вяхой у гісторыі краіны і асновай для сучаснай незалежнай Беларусі. Менавіта таму Дзень народнага адзінства – гэта не толькі памяць аб мінулым, але і напамін аб каштоўнасці згуртаванасці, гістарычнай праўды і адказнасці за будучыню.