Спікерамі на пляцоўцы сталі палітолаг, старшыня праўлення Беларускага таварыства "Веды" Вадзім Гігін і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Як адзначыла Ірына Фёдараўна, сустрэчы са знакавымі асобамі важныя для студэнтаў, цэняцца моладдзю і выклікаюць ажыўленую цікавасць.
– Мы заўсёды імкнемся запрашаць да нас на дыялогавыя пляцоўкі людзей, якіх мы часта бачым на экранах тэлевізараў, у сетцы, але ў жывую гэта ўдаецца рэдка. І гэта важна не толькі для студэнтаў, але і для супрацоўнікаў і выкладчыкаў, якія таксама актыўна зацікавіліся сённяшнім дыскусійным форумам, - падкрэсліла Ірына Фёдараўна. - Ужо на дадзеным этапе мы абмяркоўваем у большай ступені важнасць Рэферэндуму, бо новы праект Канстытуцыі зацверджаны, зараз засталося толькі аддаць свой голас за лепшую будучыню нашай краіны.
Ірына Фёдараўна адзначыла, што лейтматывам сустрэчы стала пытанне: "Чаму я павінен ісці на Рэферэндум?". Таксама яна падкрэсліла, што ў кожнага павінна быць магчымасць атрымаць экспертную думку па пытаннях, якія дапамогуць зрабіць усвядомлены выбар на будучым Рэферэндуме.
Вадзім Гігін звярнуў увагу на тое, што абмеркаванне новага праекта Канстытуцыі з моладдзю мае асаблівае значэнне, бо слоган грамадскага абмеркавання: "Канстытуцыя - у будучыню разам". А менавіта маладым людзям трэба будаваць лепшую будучыню нашай краіны.
- Мы назіраем высокі ўзровень грамадзянскай мабілізацыі і патрыятычных сіл Беларусі. І роля моладзі ў гэтых працэсах неацэнная. Маладыя людзі дакладна разумеюць, што ад іх выбару залежыць будучыня краіны, - распавёў Вадзім Гігін. - Прыемна здзівіла, што абмеркаванне прапанаваных зменаў атрымалася аднастайным у плане інтарэсаў грамадзян. Па ўсёй краіне людзей хвалявалі падобныя пытанні, а гэта значыць, што беларусы адзіныя ў сваіх меркаваннях і жаданнях.
Таксама Вадзім Гігін падкрэсліў, што важна мінімізаваць разрыў пакаленняў і навучыцца лепш разумець моладзь. Новы праект Канстытуцыі гэтаму толькі паспрыяе, бо цэлы артыкул у ім прысвечаны менавіта маладому пакаленню.
У сваім выступленні палітолаг спыніўся больш падрабязна на асноўных прапанаваных зменах, расказаў пра іх праз гістарычную прызму, а таксама ўпісаў у кантэкст сучаснасці і растлумачыў, чаму наспела неабходнасць уносіць змены ў Асноўны Закон.
Спікер адказаў на пытанні, якія рушылі ўслед ад удзельнікаў форуму. Яны датычыліся рэлігіі, гістарычнай спадчыны, інстытута сям'і, прэзідэнцкіх тэрмінаў, органаў мясцовага самакіравання.
Ужо зусім хутка беларусы аддадуць свае галасы за будучыню краіны на Рэферэндуме. Абмеркаванне новага праекту Канстытуцыі выходзіць на фінішную прамую, у тым ліку і ў Купалаўскім універсітэце. Цяпер да яго актыўна падключаюцца студэнты, раней да дыскусіі былі запрошаны супрацоўнікі ўніверсітэта.









