Як гаворыцца, час ляціць незаўважна, зараз статус маладзёжнай сталіцы пераходзіць да Віцебска! Сёння там разгорнуцца маштабныя ўрачыстасці, у якіх прыме ўдзел дэлегацыя нашага ўніверсітэта.
Удзельнікаў урачыстасці чакае шмат цікавых падзей. Сярод іх круглы стол "Навука і адукацыя", дыялогавыя пляцоўкі, выстаўка-прэзентацыя "Віцебск - горад магчымасцяў для моладзі" і ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты маладзёжнай сталіцы.
Важнай часткай гэтага дня будзе ўскладанне кветак да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Акрамя таго, дэлегаты наведаюць Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, дзе паглядзяць спектакль на беларускай мове, а на экскурсіі пазнаёмяцца з гісторыяй віцебскага краю. Усяго ў свяце прымуць удзел больш за 450 студэнтаў, маладых вучоных, каардынатараў валанцёрскіх праектаў.
Даведка
Маладзёжная сталіца - гэта статус, які прысуджаецца гораду тэрмінам на адзін год, на працягу якога ён атрымлівае магчымасць прадэманстраваць сваю прыхільнасць сучаснай маладзёжнай культуры, лепшыя практыкі па развіццю сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай актыўнасці моладзі.
На працягу года Гродна насіў статус маладзёжнай сталіцы нашай краіны. За гэты час было рэалізавана нямала значных праектаў, і моладзь атрымала новыя магчымасці для развіцця і рэалізацыі свайго патэнцыялу. Купалаўскі ўніверсітэт адыграў важную ролю ў правядзенні ўрачыстых мерапрыемстваў, якія азнаменавалі атрыманне горадам над Нёманам ганаровага статусу.






