Удзельнікаў маштабнай навуковай падзеі прывітаў першы прарэктар Купалаўскага ўніверсітэта Аляксандр Карэўскі, які адзначыў, што сённяшняя падзея падкрэслівае важнасць дзейнасці Чырвонага Крыжа, якая ахоплівае абарону самых уразлівых слаёў насельніцтва ва ўмовах крызісных сітуацый.
– Згуртаванне вакол прынцыпаў міласэрнасці і гуманнасці – гэта аснова для фарміравання адказнага і неабыякавага грамадства. Кожнае ваша слова і кожнае ваша дзеянне могуць аказаць значны ўплыў на жыцці людзей. Мы павінны імкнуцца не толькі да ведаў, але і да таго, каб выкарыстоўваць іх на карысць. Спадзяюся, што вашыя даклады натхняць на далейшыя крокі ў гэтым напрамку, – дадаў Аляксандр Яўгенавіч.
Канферэнцыя, якая праходзіць сёмы раз, прыцягнула студэнтаў і магістрантаў з устаноў вышэйшай адукацыі і навучэнцаў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Удзельнікі прадставілі 58 работ, прысвечаных наступным актуальным пытанням: абарона насельніцтва ва ўмовах крызісаў, стварэнне глабальнай культуры захавання міжнароднага гуманітарнага права і вопыт аказання псіхасацыяльнай падтрымкі.
Арганізатарамі маштабнага навуковага форуму выступілі Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа, галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваны ў дэпанаваным зборніку ў электроннай бібліятэцы ўніверсітэта, а аўтары лепшых работ атрымаюць дыпломы і памятныя падарункі.