Праграма школы "Купалаўскі старт" была максімальна насычаная і разнастайная, уключаючы лекцыі, адкрытыя заняткі, майстар-класы, інтэрактывы, трэнінгі і інтэнсіўныя заняткі па профільных напрамках.
На інжынерным факультэце навучэнцаў чакаў майстар-клас па асновах 3D-мадэлявання і адытыўнай вытворчасці, праведзены дацэнтам кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій Аляксандрам Антонавым. Удзельнікі не толькі асвоілі тэорыю кампутарнага мадэлявання і прынцыпы 3D-друку, але і змаглі прымяніць атрыманыя веды на практыцы, ствараючы ўласныя 3D-мадэлі па рэальных працоўных чарцяжах.
Факультэт біялогіі і экалогіі падрыхтаваў інтэрактыў "Палітра на малочным палатне". Пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры, прафесара Аксаны Паўлавай удзельнікі эксперыментавалі з хімічнымі рэакцыямі. Акрамя таго, Аксана Валер'еўна расказала будучым абітурыентам аб магчымасцях паступлення на факультэт біялогіі і экалогіі.
На факультэце псіхалогіі старшы выкладчык кафедры агульнай і сацыяльнай псіхалогіі Роберт Панін правёў адкрыты практычны занятак, прысвечаны дыягностыцы характару, пасля чаго ўдзельнікі здзейснілі экскурсію па навучальным корпусе і пагутарылі з дэканам факультэта.
Трэнінг "Пазнай самога сябе" прайшоў на базе педагагічнага факультэта, арганізаваны загадчыкам кафедры філасофіі, доктарам філасофскіх навук, прафесарам Сняжанай Семярнік. Удзельнікі адзначылі, што трэнінг быў цікавым і карысным, а атрыманыя веды і ўменні спатрэбяцца ў будучай педагагічнай дзейнасці.
Факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму арганізаваў майстар-клас "Арганізацыя работы школьнага музея", які правёў загадчык кафедры гісторыі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргей Амелька. Школьнікі прайшлі ўсе этапы стварэння музейнай экспазіцыі і паспрабавалі сябе ў ролі экскурсаводаў.
На факультэце матэматыкі і інфарматыкі для абітурыентаў быў арганізаваны занятак-інтэнсіў па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага іспыту па матэматыцы. Намеснік дэкана факультэта матэматыкі і інфарматыкі Таццяна Ванькова і загадчык кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Андрэй Кузьміч правялі занятак-інтэнсіў "ЦЭ па матэматыцы: тэорыя і прыклады рашэння задач". Студэнт 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі прадэманстраваў навучэнцам рашэнне задач па камбінаторыцы.
На філалагічным факультэце адбыўся майстар-клас па рыторыцы "Прывітай мяне добрым слаўцом". Вучні 11 класа сярэдняй школы № 32 імя Т.Г. Ларыёнавай г. Гродна Алена Фільмановіч і Мікіта Сікора пад кіраўніцтвам дацэнта кафедра беларускай філалогіі Ноны Шандрохі актыўна ўдзельнічалі ў інтэрактыўных гульнях і трэніровачных практыкаваннях.
Восеньская змена шматпрофільнай школы "Купалаўскі старт" паспяхова завяршыла сваю працу, падарыўшы навучэнцам школ бясцэнны вопыт, новыя веды і яркія ўражанні.
На восеньскіх канікулах у навучэнцаў профільных класаў педагагічнай і інжынернай накіраванасці была выдатная магчымасць на два дні пагрузіцца ў студэнцкае асяроддзе. Гэта дазволіла школьнікам пазнаёміцца з вядучымі выкладчыкамі Купалаўскага ўніверсітэта і раскрыць свой патэнцыял. Удзельнікамі праекта сталі больш за 130 вучняў класаў інжынернай і педагагічнай накіраванасці са школ і гімназій Гродзеншчыны.
-ffe045a5f8.jpg)


-8ec6a54a3c.jpg)




