Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларуска-Расійскі ўніверсітэт і Маскоўскі дзяржаўны юрыдычны ўніверсітэт імя А.Я. Кутафіна (МДЮА). Праграма форуму была насычанай і ўключала як дыскусійныя пляцоўкі, так і майстар-класы. У першы дзень удзельнікі далучыліся да адкрытага абмеркавання тэмы "Тэхналагічнае лідарства: права vs тэхналогіі".
Другі дзень быў прысвечаны рабоце круглых сталоў. Махічэхра і Шохсанам Абдугафаравы прэзентавалі сумеснае даследаванне, прысвечанае фарміраванню адзінага прававога асяроддзя для лічбавых інавацый і гарманізацыі заканадаўства ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў. Выступленне прайшло пад кіраўніцтвам аўтарытэтных мадэратараў доктара юрыдычных навук, прафесара МДЮА А.Я. Кутфіна Аляксея Мінбалеева і дацэнта, выкладчыка кафедры прадпрымальніцкага і карпаратыўнага права МДЮА А.Я. Кутфіна Андрэя Петракова.
Вікторыя Багута выступіла на круглым стале "Біятэхналогіі, права і этыка: пошук балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы".
Акрамя абарон дакладаў, купалаўцы прынялі ўдзел у майстар-класе доктара юрыдычных навук, прафесара МДЮА А.Я. Кутфіна Аляксея Мінбалеева, які расказаў аб перспектывах прававога рэгулявання штучнага інтэлекту. Таксама для ўдзельнікаў была арганізавана аглядная экскурсія па гістарычным цэнтры Магілёва.
Трэці дзень форуму запомніўся майстар-класам намесніка загадчыка кафедры грамадзянскага права МДЮА А.Я. Кутфіна Дзмітрыя Носава аб прававым рэгуляванні здзелак ва ўмовах цыфравізацыі, а таксама ўрачыстай цырымоніяй закрыцця.
Па выніках форуму Вікторыя Багута ўзнагароджана дыпломам пераможцы круглага стала па біятэхналогіях і праве. Махічэхра і Шохсанам Абдугафаравы адзначаны памятнымі падарункамі за актыўны ўдзел у дыскусіях.
Віншуем нашых студэнтак і жадаем ім новых перамог у навуковай сферы!
З 18 па 20 мая ў Магілёве праходзіў IV Міжнародны студэнцкі юрыдычны форум “СЮФ.International”. Купалаўскі ўніверсітэт на форуме годна прадставілі студэнткі юрыдычнага факультэта спецыяльнасці «Правазнаўства» – Махічэхра Абдугафарава, Шохсанам Абдугафарава і Вікторыя Багута.





