Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 08 Чэрвень 2026 08:57

У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшоў круглы стол "Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур - 30 гадоў"

IMG 5865Мерапрыемства, прысвечанае правапрымяняльнай практыцы заканадаўства аб нацыянальных меншасцях, адбылося 5 чэрвеня. Яго арганізатарамі выступілі Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, а таксама Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт.

Пасяджэнне круглага стала на тэму «Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур - 30 гадоў. Правапрымяняльная практыка заканадаўства аб нацыянальных меншасцях” прайшло ў рамках XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, доктар ваенных навук, прафесар Мікалай Бузін.

Сёння за гэтым круглым сталом мы абмяркуем дзве тэмы: юбілей фестывалю і правапрымяняльную практыку. І галоўная наша задача - разабрацца, а ці ўсяго нам дастаткова ў заканадаўчым плане для таго, каб вырашаць пытанні, якія стаяць сёння перад нашымі дыяспарамі.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Румак, звяртаючыся да аўдыторыі, адзначыў, што фестываль нацыянальных культур - гэта дэманстрацыя жывой гісторыі адзінства на беларускай зямлі. Гэта доказ таго, што дзясяткі нацыянальнасцяў могуць жыць на адной зямлі без звад, у міры і згодзе:

- У Беларусі пражываюць прадстаўнікі 165 нацыянальнасцяў, 25 канфесій. Наша краіна будуе міжканфесійны дыялог на прынцыпах роўнасці. І ў Канстытуцыі, і ў Законе “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” прапісана, што ўсе канфесіі і рэлігійныя арганізацыі роўныя перад законам. Роўна як і ўсе грамадзяне, незалежна ад іх веравызнання, роўныя перад законам.

Як адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, сёння, 5 чэрвеня, Гродна прымае XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Сёлетняе свята прысвечана 30-гадовай гісторыі і традыцыям фестывалю, які праводзіцца кожныя два гады з 1996 года. У сваім выступленні яна расказала пра гісторыю развіцця фестывалю і адзначыла, што ў рамках правядзення фестывалю гэтага года была закладзена капсула часу з пасланнем нашчадкам.

Ад імя рэктара Купалаўскага ўніверсітэта Ірыны Кітуркі ўдзельнікаў круглага стала прывітаў першы прарэктар Аляксандр Карэўскі:

- Прыемна, што пляцоўкай круглага стала стаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. У нас вучацца 2 500 замежных студэнтаў з 27 краін свету, кожны чацвёрты наш студэнт - замежнік. Таму міжкультурны дыялог – гэта не проста прыярытэт, гэта асноватворная частка місіі нашага ўніверсітэта і адзін з прыярытэтных напрамкаў Стратэгіі развіцця.

У рамках работы круглага стала з дакладамі выступілі член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, кандыдат палітычных навук Эдуард Северын; намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, доктар філасофскіх навук, прафесар Алег Раманаў; член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па справах беларусаў замежжа, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гаўрыловіч; а таксама старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання ўкраінцаў "Ватра" Уладзіслаў Кадзіра.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі абмеркавалі палітыка-прававы статус нацыянальных меншасцей у Рэспубліцы Беларусь, сацыякультурнае значэнне нацыянальнай разнастайнасці, уклад сучаснай беларускай культуры ў фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і ўзаемадзеянне нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў з дзяржаўнымі структурамі Рэспублікі Беларусь на прыкладзе Беларускага грамадскага аб'яднання.

У працы круглага стала прынялі ўдзел кіраўнікі нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў, якія выступілі з прапановай стварыць Дом нацыянальнасцей, дзейнасць якога будзе накіравана на захаванне культурнай самабытнасці, умацаванне міжнацыянальнага міру і падтрымку дыялогу з прадстаўнікамі ўлады.

Пасля выступлення спікераў адбылася дыскусія і падвядзенне вынікаў круглага стала.