Мерапрыемства адкрыў намеснік прэм'ер-міністра Віктар Каранкевіч. Ён адзначыў, што ў гэтым годзе прэмія Урада Беларусі прысуджаецца ўжо 27-ы раз, і нагадаў усім прысутным аб важнасці правядзення конкурсу:
– Удзел у конкурсе – магчымасць аб'ектыўнай, незалежнай ацэнкі вынікаў дзейнасці прадпрыемства ў галіне якасці. А перамога, прысуджэнне прэміі – не толькі прызнанне дзяржавай дастойных вынікаў, але і выдатная магчымасць далейшага перспектыўнага развіцця і рэалізацыі новых праектаў.
Таксама Віктар Каранкевіч пажадаў не спыняцца на дасягнутым, рэалізоўваць інавацыйныя праекты, укараняць у сваю работу сучасныя тэхналогіі і дасягаць больш высокіх паказчыкаў.
Важнасць удзелу ў конкурсе і атрымання звання лаўрэата адзначыла і старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Алена Маргунова. Яна падкрэсліла, што атрыманы знак прэміі Урада добра вядомы на знешнім рынку, таму прадукцыя прадпрыемстваў-лаўрэатаў больш канкурэнтаздольная і карыстаецца высокім попытам.
Перамога ў конкурсе «Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці» таксама з'яўляецца дэманстрацыяй дасягненняў у галіне якасці, аднак у дадзеным выпадку – у сферы адукацыі.
Дыпломамі пераможцы дадзенага конкурсу былі ўзнагароджаны і купалаўцы – выпускніца факультэта біялогіі і экалогіі Аляксандра Ляўчук і яе навуковы кіраўнік, прарэктар па навуковай рабоце, дацэнт кафедры сістэмнай біялогіі і дацэнт кафедры тэхналогіі, фізіялогіі і гігіены харчавання, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Наталля Башун, а таксама выпускнік фізіка-тэхнічнага факультэта Дзяніс Даўкша і яго навуковы кіраўнік – загадчык кафедры электратэхнікі і электронікі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Андрэй Герман.
Узнагароды ўручалі Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец і старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Алена Маргунова.
Конкурс «Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці» накіраваны на павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне менеджменту і кантролю якасці, ацэнку дыпломных работ і ўзроўню правядзення навукова-даследчых работ студэнтаў і магістрантаў у галіне менеджменту і кантролю якасці, стымуляванне навуковай і прыкладной дзейнасці студэнтаў і магістрантаў у галіне менеджменту і кантролю якасці, папулярызацыю перадавога вопыту ў галіне менеджменту і кантролю якасці, а таксама падтрымку таленавітых студэнтаў і магістрантаў і матывацыю навуковых кіраўнікоў дыпломных і навукова-даследчых работ.
Віншуем купалаўцаў з перамогай і жадаем ім далейшага заваявання вышынь!