Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 06 Чэрвень 2025 10:39

З першых вуснаў: старшакурснікі расказваюць пра студэнцкае жыццё ў ГрДУ імя Янкі Купалы

5336938847935789074У рамках рубрыкі «Купалаўцы на сувязі», створанай для абітурыентаў – 2025, студэнты старэйшых курсаў Купалаўскага ўніверсітэта дзеляцца сваімі ўражаннямі ад навучання. Сёння на сувязі з намі Таццяна Майсюк, студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Журналістыка».

- Таццяна, як Вы можаце ахарактарызаваць навучанне ва ўніверсітэце?

Вучуся на спецыяльнасці «Журналістыка», зараз знаходжуся на фінішнай прамой: падрыхтоўка да дзяржаўнага экзамену і да абароны дыпломнай працы. Чатыры гады, якія здаваліся вечнасцю на першым курсе, пранесліся як адно імгненне, дзякуючы насычанай вучэбнай праграме і актыўнаму студэнцкаму жыццю. Галоўная каштоўнасць маёй спецыяльнасці - гэта яе практычная накіраванасць. Заняткі, якія праходзяць на базе вядучых аўдыёвізуальных і друкаваных СМІ, дазваляюць акунуцца ў рэальны свет прафесіі. Выкладчыкі - практыкуючыя журналісты - дзеляцца сваім вопытам і ведамі, раскрываючы ўсе тонкасці «ўнутранай кухні». Без тэорыі таксама не абыходзіцца, але яна арганічна дапаўняецца рознымі праектамі, якія мы з групай рабілі на базе УНВА "Студэнцкі Медыяцэнтр". Факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму - вялікая каманда, гэта адчуваецца на ўсіх мерапрыемствах. Дзякуючы паспяховай дзейнасці нашых актывістаў кожная падзея факультэта становіцца яркай і запамінальнай. Музычныя квізы, фікітоўскія вячоркі - гэта тыя моманты, якія назаўжды застануцца ў маёй памяці і будуць выклікаць самыя цёплыя ўспаміны.

- Што б Вы параілі будучым студэнтам?

Мая парада вельмі простая: не бойцеся спрабаваць сябе ў розных галінах і напрамках, актыўна ўдзельнічайце ў студэнцкім жыцці, знаходзіце час як для вучобы, так і для адпачынку сярод блізкіх і дарагіх людзей. Важна знайсці баланс, каб студэнцкія гады сталі часам асобаснага росту, яркіх уражанняў і каштоўных знаёмстваў.