Сёння, 17 лістапада, у навуковай бібліятэцы Купалаўскага ўніверсітэта прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся дырэктар бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Мікалай Грынько, старшы выкладчык факультэта мастацтваў і дызайну Алла Каляга і дырэктар “Гімназіі №5 імя У.С. Караткевіча г. Гродна” Вольга Хітрушка.
Экспазіцыя аб’яднала творчыя работы, падрыхтаваныя студэнтамі факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама вучнямі гімназіі №5 імя У.С. Караткевіча. Кожная праца – гэта асабісты погляд на ўнікальны свет твораў Уладзіміра Караткевіча, якімі натхняліся маладыя таленты. Экспазіцыя яскрава падкрэслівае бессмяротную спадчыну пісьменніка і яго ўплыў на сучасную беларускую культуру.
Навуковая бібліятэка Купалаўскага ўніверсітэта сардэчна запрашае ўсіх жадаючых наведаць выставу, каб паглыбіцца ў непаўторную атмасферу творчасці Уладзіміра Караткевіча і яшчэ раз аддаць даніну памяці вялікаму сыну беларускай зямлі.