З 2 жніўня на базе кафедры рускай мовы як замежнай і лінгвістычных дысцыплін факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы пачала працу Летняя школа рускай мовы для замежнікаў.
26 удзельнікаў з Польшчы, Італіі, Іспаніі, Бельгіі, Славеніі, Аўстрыі, Германіі, Чэхіі і ЗША па выніках тэсціравання былі падзелены на 4 групы. Самаму малодшаму з іх нядаўна споўнілася 20 гадоў, а самаму старэйшаму - 35 гадоў.
На першым занятку замежныя госці знаёміліся адзін з адным, рабілі візітоўкі і калажы і абаранялі групавыя праекты. У канцы першай сустрэчы выкладчыкі са студэнтамі з ільняных нітак вырабілі сабе бранзалеты, якія сімвалізуюць аб'яднанне ўсіх удзельнікаў Летняй школы.
З экскурсіяй замежнікі прагуляліся па цэнтры Гродна і наведалі Музей гісторыі пажарнай службы і Замкавую гару. Пасля гэтага пабывалі на вечары знаёмстваў: тут былі прадстаўлены стравы нацыянальнай кухні Беларусі, Польшчы, Славеніі, Бельгіі, Іспаніі, Італіі і іншых краін. З прывітальным словам да гасцей звярнуўся дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі. Затым удзельнікі Летняй школы расказалі пра сям'ю, вучобу (работу) і захапленні. Валанцёры школы - студэнтка 4 курса факультэта эканомікі і кіравання Юлія Гапонік і студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта Чынар Мерэтдурдыева не толькі выдатна справіліся з роляй вядучых, але і парадавалі замежнікаў сваімі талентамі: Юлія праспявала «Сэрца зямлі маёй», а Чынар - нацыянальную туркменскую песню. Акрамя таго, сваімі вакальнымі дадзенымі парадавала гасцей студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта нашай ВНУ Гунча Джангелдзіева падчас выканання песні «Беларусь». У адказ падарункам для прысутных стала італьянская песня ў выкананні Марыі Разарыі Мачы.
Удзельнікі Летняй школы рускай мовы ўжо пабывалі ў Каложскай царкве, дзе экскурсію для іх правёў святар Аляксандр Балоннікаў, сталі сведкамі адкрыцця Чэмпіянату свету па пажарна-ратавальным спорце і наведалі прадпрыемства "Контэ Спа". На кіналекторыі замежнікі паглядзелі і абмеркавалі фільм, дзеянні якога адбываюцца ў Беларусі.
У гэтыя выхадныя замежных гасцей чакае займальная экскурсійная праграма: знаёмства з гонарам Беларусі - Мірскім і Нясвіжскім замкамі.
Варта адзначыць, што студэнты нашага ўніверсітэта з энтузіязмам уключыліся ў працэс правядзення Летняй школы рускай мовы. Выпускнік факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дзмітрый Леванеўскі праводзіць па раніцах каля інтэрната, дзе жывуць удзельнікі школы, бясплатныя заняткі ёгай, студэнтка 4 курса факультэта эканомікі і кіравання Юлія Гапонік арганізавала спонсарскую дапамогу на вечар знаёмстваў, а студэнт 5 курса філалагічнага факультэта Арцём Рапецкі захоплена праводзіць экскурсіі па горадзе для замежных гасцей.
З падрабязнай праграмай Летняй школы рускай мовы можна пазнаёміцца на сайцеhttp://www.rls.grsu.by.














