21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Традыцыйна ў гэты дзень купалаўцы ўдзельнічаюць у напісанні “Купалаўскай дыктоўкі”, якая праходзіць ужо сёмы раз. Мерапрыемства стала важнай часткай праграмы святкавання 85-годдзя з дня заснавання ўніверсітэта.
У Міжнародны дзень роднай мовы купалаўцы, сябры і партнёры ўніверсітэта разам пісалі дыктоўку на беларускай мове. Звычайна тэкст гучыць у выкананні выкладчыка філалагічнага факультэта. Сёлета ў галоўным корпусе ўніверсітэта тэкст чытала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, доктар гістарычных навук Ірына Кітурка.
Кожны год тэкст дыктоўкі розны, тэматычны. На гэты раз – вершаваны твор Міколы Чарняўскага “За ўсё ўдзячны ім”.
– Выбар твора не быў выпадковым. Набліжаецца 80-годдзе з Дня Вялікай Перамогі, і дыктант прысвечаны менавіта гэтай знакавай падзеі. Патрыятычныя вершаваныя радкі напісалі больш за 2000 студэнтаў і супрацоўнікаў у карпусах універсітэта і каледжах ГрГУ імя Янкі Купалы, – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Да напісання дыктоўкі далучыліся 16 замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў, а таксама 10 універсітэтаў краін бліжняга і дальняга замежжа. Геаграфія ўдзельнікаў мерапрыемства, якія анлайн далучыліся да “Купалаўскай дыктоўкі”, сапраўды ўражвае.
Сярод сяброў, якія пісалі “Купалаўскую дыктоўку”, – Генеральнае консульства Расійскай Федэрацыі ў Гродне, Генеральныя консульствы Рэспублікі Беларусь у Ганконгу, у Хашыміне (B’етнам), у Стамбуле, у Шанхаі; Пасольствы Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, у Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам, у Рэспубліцы Казахстан, у Кыргызскай Рэспубліцы, у Азербайджанскай Рэспубліцы, у Рэспубліцы Узбекістан, у Туркменістане, у Турэцкай Рэспубліцы, у Венгрыі, у Дзяржаве Ізраіль, у Рэспубліцы Індыя.
Акрамя таго, праверыць веданне беларускай мовы і напісаць дыктоўку разам з купалаўцамі вырашылі замежныя ўдзельнікі – прадстаўнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя акадэміка М.С. Осімі, Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта, Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы”, ”Зямляцтва Беларусаў” у Валгаградзе, “Тэрыторыі Дзяцінства”, сектара дзённага знаходжання ў горадзе Пакш.
Упершыню да акцыі “Купалаўская дыктоўка” далучыліся супрацоўнікі Універсітэта імя Лоранда Этвёша (Венгрыя) і філіяла акцыянернага таварыства «Атамбудэкспарт» у Венгрыі.
Святкаванне юбілею ўніверсітэта працягваецца. Сачыце за навінамі ў нашых сацыяльных сетках і на сайце ГрДУ імя Янкі Купалы!