У рамках гэтай рубрыкі прэс-служба ГрДУ імя Янкі Купалы падзеліцца гісторыямі выпускнікоў, якія паспяхова рэалізуюць сябе ў прафесійнай сферы пасля завяршэння вучобы ва ўніверсітэце. Караліна Лакевіч, выпускніца 2025 года спецыяльнасці «Лагапедыя», дзеліцца сваім досведам.
– Караліна, чаму выбралі менавіта гэтую спецыяльнасць?
– З дзяцінства мяне прыцягвала прафесія педагога - мне заўсёды падабалася дапамагаць дзецям. Спецыяльнасць «Лагапедыя» стала для мяне натуральным выбарам, бо я хацела зрабіць нешта добрае для тых, каму патрэбна дапамога ў пераадоленні маўленчых парушэнняў.
Я з Гродна і заўсёды чула станоўчыя водгукі пра ГрДУ імя Янкі Купалы ад знаёмых. Гэтыя водгукі часта тычыліся не толькі якасці адукацыі, але і атмасферы ва ўніверсітэце. Людзі казалі пра ўважлівых і прафесійных выкладчыкаў, якія сапраўды клапоцяцца пра сваіх студэнтаў і дапамагаюць ім развівацца. Упэўненасць у якасці адукацыі і магчымасцях, якія ён прапануе, адыграла ключавую ролю ў маім выбары. Я адчула, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – гэта тое месца, дзе я змагу цалкам раскрыць свой патэнцыял.
– Як вы ацэньваеце якасць адукацыі, атрыманай ва ўніверсітэце?
– Якасць адукацыі ва універсітэце добрая. Выкладчыкі даюць шмат інфармацыі і робяць акцэнт на практычным прымяненні ведаў. Мы вывучалі тэорыю і адразу ж выкарыстоўвалі гэтыя веды на практыцы, што значна паглыбляла разуменне матэрыялу. Кожны выкладчык меў індывідуальны падыход да студэнтаў, і гэта дазваляла кожнаму з нас адчуваць сябе пачутым.
Навучанне было насычаным і разнастайным, і пасля выпуску я зразумела, што валодаю неабходнымі навыкамі і ведамі для развіцця ў сваёй прафесіі. Я лічу, што гэта дазволіла мне добра падрыхтавацца да самастойнай працы і ўпэўнена адчуваць сябе ў прафесійнай сферы. Ганаруся тым, што з'яўляюся выпускніцай ГрДУ імя Янкі Купалы, і ўпэўнена, што атрыманыя веды дапамогуць мне дабіцца поспеху ў маёй прафесійнай дзейнасці.
– Якую параду вы б далі будучым студэнтам?
– Студэнты павінны любіць сваю будучую прафесію. Калі вы выбралі педагагічны шлях, як я, то памятайце, што дрэнных дзяцей няма. Натхняйцеся сваёй працай і старайцеся знаходзіць радасць у кожным дні. Памятайце, што да кожнага дзіцяці можна знайсці падыход, і гэта патрабуе цярпення і крэатыўнасці. Не бойцеся эксперыментаваць з метадамі навучання і будзьце адкрытымі да новых ідэй.
Выбірайце ГрДУ імя Янкі Купалы! Паспяховы курс на Купалаўскую ВНУ!