У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы рэгулярна праходзяць пасяджэнні рабочай групы, прысвечаныя распрацоўцы Стратэгіі развіцця ўніверсітэта на перыяд 2026-2030 гадоў і на перспектыву да 2035 года.
Гэта маштабная работа грунтуецца на шматгадовым вопыце ўніверсітэта ў галіне стратэгічнага планавання і менеджменту якасці, а таксама ўлічвае задачы аб'яўленай у Беларусі пяцігодкі якасці.
Дакумент, які распрацоўваецца, закліканы ахапіць і вызначыць перспектывы развіцця ўсіх ключавых аспектаў дзейнасці універсітэта. Ён уключае такія напрамкі, як развіццё кадравага патэнцыялу, укараненне інавацый у адукацыйны працэс, паляпшэнне інфраструктуры, лічбавую трансфармацыю, а таксама паглыбленне супрацоўніцтва з міжнароднымі партнёрамі. У распрацоўцы стратэгічнага плана прымаюць актыўны ўдзел усе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта, а таксама прадстаўнікі навучэнцаў, выпускнікоў, заказчыкаў кадраў, будучых абітурыентаў і іх бацькоў.
Рэалізацыя Стратэгіі дазволіць універсітэту не толькі павысіць сваю канкурэнтаздольнасць і якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, але і ўмацаваць міжнародны акадэмічны аўтарытэт. Варта адзначыць, што прыхільнасць да традыцый якасці ўжо дазволіла ГрДУ імя Янкі Купалы атрымаць высокую ацэнку, стаўшы лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь пяты раз за дасягненні ў галіне якасці.