Сёння, 28 мая, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылася ХХХІІІ абласная міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «ПОДВІГ НАРОДА БЕССМЯРОТНЫ», прысвечаная 85-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.
У рамках канферэнцыі была арганізавана работа трох выставак: «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы», фотадакументальная выстава «Генацыд беларускага народа. Памяць і боль Гродзенскай зямлі» і выстава мастацкай і навуковай літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну «Старонкі мужнасці і памяці гартаючы».
Акрамя таго, для ўдзельнікаў канферэнцыі працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі: «Ваенная археалогія», пад кіраўніцтвам Аляксандра Гаршкова, дацэнта кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы, і «Медыцына ваенных гадоў», пад кіраўніцтвам Сяргея Сітнікава, загадчыка кафедры.
На пленарным пасяджэнні з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся першы прарэктар Купалаўскага ўніверсітэта Аляксандр Карэўскі:
– Сёння Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы выступае пляцоўкай для канферэнцыі «ПОДВІГ НАРОДА БЕССМЯРОТНЫ», прысвечанай 85-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, – адзначыў Аляксандр Яўгеньевіч. – Ужо 81 год мы жывем у свеце, пад чыстым небам. Мы вучымся, працуем, ствараем сем'і, гадуем дзяцей і ствараем на карысць нашай Радзімы.
З прывітальным словам звярнуўся Іван Тустаў, старшыня Гродзенскай абласной рады Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, палкоўнік у адстаўцы.
– Гродзеншчына адной з першых грудзьмі сустрэла ворага. З пачаткам баёў на нашай зямлі быў сарваны нямецкі план імгненнай вайны. Немцы планавалі разграміць нашы пагранзаставы за дваццаць-трыццаць хвілін, а войскі за лічаныя гадзіны і за дзесяць-дванаццаць тыдняў дайсці да Масквы. Але нашы асобныя заставы пратрымаліся па восем-дзесяць гадзін. Цяжкімі для ворага сталі і першыя прыгранічныя баі з нашымі войскамі, – падкрэсліў Іван Фёдаравіч. – Тут, у Гродне, у чэрвені 1941 года ўжо пачынала кавацца наша Вялікая Перамога! Сёння, як і 85 гадоў таму, зноў нарастаюць выклікі і пагрозы, таму пытанні ўмацавання абараназдольнасці краіны застаюцца актуальнымі.
На канферэнцыі свае даклады прадставілі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Прадстаўленыя даклады былі прысвечаны шматгранным аспектам Вялікай Айчыннай вайны, яе гераічнаму мінуламу і значнасці для сучаснага патрыятычнага выхавання.
У Год беларускай жанчыны, калі ўся краіна праслаўляе стваральную ролю маці, працаўніцы і захавальніцы ачага, асаблівае гучанне набывае ўшаноўванне жанчын-вайскоўцаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Служба ў арміі патрабуе велізарнай самааддачы і нашы суайчынніцы з гонарам нясуць гэты нялёгкі цяжар, уносячы неацэнны ўклад у забеспячэнне бяспекі Радзімы.
За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў і высокі прафесіяналізм заслужаных узнагарод і слоў удзячнасці ўдастоены: старшы лейтэнант Аксана Лях, афіцэр аддзялення штаба 11 асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання; капітан Наталля Высоцкая, старшы памочнік начальніка штаба па кадрах і страявой частцы асобнага гвардзейскага механізаванага батальёна 11 асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання; прапаршчык Юлія Мацвяйчук, начальнік апаратнай сувязі 74 асобнага палка сувязі Заходняга аператыўнага камандавання; старшы прапаршчык Яўгенія Марук, начальнік апаратнай сувязі 74 асобнага палка сувязі Заходняга аператыўнага камандавання; старшы прапаршчык Наталля Цыдорына, начальнік апаратнай сувязі 74-га асобнага палка сувязі Заходняга аператыўнага камандавання; маёр Наталля Баравенская, намеснік начальніка штаба 350 групы артылерыі 6 асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання; лейтэнант Алена Казлоўская, старшы памочнік начальніка штаба па кадрах і страявой частцы 350 групы артылерыі 6 асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання.
Дыпломамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і каштоўнымі падарункамі ад Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў былі ўзнагароджаны навуковыя кіраўнікі студэнтаў, якія падрыхтавалі даклады: Наталля Рыбак, дацэнт кафедры гуманітарных навук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт ГДАУ; Наталля Улейчык, намеснік дэкана па навуковай рабоце факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, кандыдат гістарычных навук, дацэнт ГрДУ імя Янкі Купалы; Сяргей Сіткевіч, загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт ГрГМУ; Алена Сцяпанава, старшы выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук ГрДМУ; Іна Мінчук, загадчык кафедры журналістыкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт ГрДУ імя Янкі Купалы.
Дыпломамі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і каштоўнымі падарункамі ад Гродзенскай абласной арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» узнагароджаны студэнты, якія падрыхтавалі даклады: Вера Горбік, студэнтка 1 курса інжынерна-тэхналагічнага факультэта ГДАУ; Вадзім Архіпчык, студэнт 1 курса інжынерна-тэхналагічнага факультэта ГДАУ; Георгій Краўчык, студэнт 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы; Валерыя Улановіч, студэнтка 3 курса лячэбнага факультэта ГрДМУ; Аляксандра Чарняўская, студэнтка 1 курса педыятрычнага факультэта ГрДМУ; Карына Місцюк, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, старшыня Студэнцкай рады ГрДУ імя Янкі Купалы.
XXXIII абласная міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «ПОДВІГ НАРОДА БЕССМЯРОТНЫ» чарговы раз пацвердзіла, што беражлівыя адносіны да гераічнага мінулага сваёй краіны – гэта трывалы фундамент, на якім будуецца мірная, стваральная і незалежная будучыня Беларусі.