4 чэрвеня дэлегацыя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на чале з першым прарэктарам Аляксандрам Карэўскім прыняла ўдзел у рабочай анлайн-нарадзе, на якой прэзентавалі новую ініцыятыву «Вучыся і працуй». Арганізатарам анлайн-сустрэчы стала Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, камітэтамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.
Спікерам мерапрыемства выступіў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Пішчоў.
Гэта ініцыятыва створана ў рамках выканання даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт паставіў задачу забяспечыць магчымасць працаўладкавання студэнтаў на прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы пры праходжанні практыкі і ў вольны ад вучобы час з улікам спецыяльнасці.
Новая мадэль занятасці «Вучыся і працуй» накіравана на забеспячэнне плаўнага пераходу ад вучобы да прафесійнай дзейнасці, павышэнне якасці падрыхтоўкі кадраў і задавальненне патрэбнасці эканомікі ў кваліфікаваных спецыялістах. Ключавы акцэнт у ініцыятыве зроблены на практыкаарыентаванасці, каб студэнты хутчэй адаптаваліся на працоўных месцах. У рамках яе рэалізацыі ВНУ пачнуць больш цесную работу з заказчыкамі кадраў, а работадаўцы – больш актыўна ўключацца ў падрыхтоўку будучых спецыялістаў з дапамогай практыкі і настаўніцтва.
Акрамя прэзентацыі ініцыятывы, удзельнікі абмеркавалі практычныя аспекты яе рэалізацыі, а таксама актуальныя пытанні працаўладкавання студэнтаў на прадпрыемствах з улікам спецыяльнасці.