Загадчык кафедры грамадзянскага права і працэсу, доктар юрыдычных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ігар Мартыненка ў рамках стажыроўкі прыняў удзел у серыі навукова-практычных і вучэбна-педагагічных мерапрыемстваў ва Уральскім дзяржаўным юрыдычным універсітэце імя В.Ф. Якаўлева ў Екацерынбургу.
Сустрэў Ігара Эдуардавіча рэктар Уральскага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсітэта імя В.Ф. Якаўлева, доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Расіі Уладзімір Бублік. Пасля дзелавой часткі сустрэчы прафесар Купалаўскага ўніверсітэта перадаў расійскаму калегу выпускі зборніка навуковых артыкулаў «Праблемы грамадзянскага права і працэсу», які выдаецца ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
У рамках візіту прайшло абмеркаванне формы супрацоўніцтва з прарэктарам па стратэгічным развіцці і навуковай рабоце, начальнікам дэпартамента міжнароднага супрацоўніцтва, начальнікам упраўлення навуковых даследаванняў Уральскага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсітэта імя В.Ф. Якаўлева. Таксама Ігар Мартыненка прыняў удзел у навуковай дыскусіі падчас абароны доктарскай дысертацыі Аленай Астанінай.
Акрамя таго, падчас наведвання Екацярынбурга Ігар Эдуардавіч выступіў спікерам панэльнай дыскусіі «Палітыка памяці як міждысцыплінарны інструмент сацыяльных тэхналогій у юрыдычнай навуцы і адукацыі: гісторыя і сучаснасць» у рамках Еўрапейска-Азіяцкага прававога кангрэса. Разам з калегамі Ігар Мартыненка абмеркаваў праблемы навуковай магістратуры і атэстацыі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі.
Таксама падчас свайго візіту ў Екацярынбург Ігар Мартыненка наведаў Уральскі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і Уральскі інстытут МУС Расіі.
У час наведвання Уральскага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта былі намечаны формы супрацоўніцтва ў рамках вучэбна-метадычнай і праектнай дзейнасці. Тут у сааўтарстве вучоных дзвюх ВНУ выдадзены навучальны дапаможнік «Дзяржаўна-прыватнае партнёрства», які выкарыстоўваецца ў навучальным працэсе нашых дзвюх устаноў адукацыі.
Ва Уральскім інстытуце МУС Расіі прафесар Купалаўскага ўніверсітэта сустрэўся з кіраўніцтвам профільных кафедр, якія прынялі яго распрацоўку кваліфікацыі правапарушэнняў у галіне культурнай спадчыны для выкарыстання ў навукова-практычнай дзейнасці органаў паліцыі.
Гэта паездка стала важным крокам у развіцці міжнароднага супрацоўніцтва паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і ўніверсітэтамі горада Екацярынбург.