2 снежня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Наманганскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, Рэспубліка Узбекістан.
Дэлегацыю Наманганскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ўзначаліў прарэктар па навуковай рабоце і інавацыях Мурадхон Рашыдханавіч Кадзірхонаў. У склад дэлегацыі ўвайшлі начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Алішэр Мухамедавіч Турсунпулатаў і выкладчык Элёр Абдулхамідавіч Абдулвахідаў. Мэта візіту - умацаванне ўзаемавыгадных адносін і абмен вопытам у галіне адукацыі і навукі.
На сустрэчы Купалаўскі ўніверсітэт прадстаўлялі прарэктары, дэканы і кіраўнікі структурных падраздзяленняў, якія былі гатовы абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва. Адкрыла мерапрыемства рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. У сваім прывітальным слове яна падкрэсліла важнасць міжнароднага ўзаемадзеяння ў сучаснай адукацыйнай прасторы і адзначыла, што такія сустрэчы садзейнічаюць абмену ведамі і культурнаму ўзбагачэнню.
Цэнтральнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне пытанняў навуковага супрацоўніцтва, акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама сумесных навуковых праектаў. Удзельнікі абмяняліся меркаваннямі наконт сучасных тэндэнцый у адукацыі, абмеркавалі магчымасці арганізацыі сумесных канферэнцый і семінараў, а таксама праграмы абмену студэнтамі.
На заканчэнне бакі выказалі ўпэўненасць у тым, што гэта толькі пачатак доўгатэрміновага і прадуктыўнага супрацоўніцтва, якое прынясе карысць як Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы, так і Наманганскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту. Стварэнне такіх партнёрскіх сувязей адкрывае новыя гарызонты для навуковага і культурнага абмену, што ў сваю чаргу станоўча адаб'ецца на адукацыйных працэсах у абедзвюх краінах.
Адзначым, што плацдармам для фарміравання партнёрскіх адносін ВНУ стаў Першы беларуска-ўзбекскі форум прафесійнай адукацыі, які праходзіў у Мінску з 29 красавіка па 1 мая. Галоўнай мэтай мерапрыемства было ўмацаванне супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў сферы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў.