Напярэдадні Дня касманаўтыкі, 11 красавіка 2025 года, у ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася дыялогавая пляцоўка «Беларусь — касмічная дзяржава». Мерапрыемства сабрала студэнтаў і супрацоўнікаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, якія абмеркавалі дасягненні Беларусі ў сферы касманаўтыкі і яе перспектывы.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Таццяна Баярчук, адзначыўшы, што ў космасу вялізная будучыня, і яго вывучэнне адкрывае перад намі новыя гарызонты. Таццяна Мікалаеўна таксама падкрэсліла, што касмічныя дасягненні садзейнічаюць не толькі навуковаму прагрэсу, але і ўмацаванню міжнароднага іміджу Беларусі як касмічнай дзяржавы.
Студэнты першага курса спецыяльнасці «Гісторыя» прадставілі свае даклады, прысвечаныя выдатным асобам у сферы касманаўтыкі. Георгій Краўчык выступіў з дакладам «Ураджэнцы Беларусі касманаўты СССР», асвятляючы ўклад беларускіх грамадзян у гісторыю касмічных даследаванняў. Маргарыта Крупіца прадставіла даклад «Першы касманаўт Рэспублікі Беларусь Марына Васілеўская», акцэнтуючы ўвагу на яе значэнні для айчыннай касманаўтыкі і натхненні будучых пакаленняў.
Дыялогавая пляцоўка стала выдатнай магчымасцю для студэнтаў паглыбіць свае веды аб касмічнай тэматыцы і абмяняцца меркаваннямі наконт будучыні касманаўтыкі ў Беларусі. Мерапрыемства таксама садзейнічала фарміраванню цікавасці да даследаванняў у галіне гісторыі касманаўтыкі і яе значэння для краіны.