15 мая, у Міжнародны дзень сям'і, навуковая бібліятэка ГрДУ імя Янкі Купалы ператварылася ў прастору, напоўненую святлом, цяплом і любоўю. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё фота-вернісажа «Сям’я – аснова ўсёй Айчыны», героямі якога сталі шматдзетныя сем'і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта.
Экспазіцыя – гэта не проста серыя здымкаў, а жывыя гісторыі пра падтрымку, пяшчоту і штодзённую працу дзеля шчасця блізкіх. Кожны кадр прыадкрывае заслону ў свет сямейных традыцый, дзе адзінства і клопат з'яўляюцца падмуркам жыцця. Наведвальнікі выставы змаглі ўбачыць сваіх калег у новай ролі – шчаслівых бацькоў, дзядуляў і бабуль, для якіх вялікая сям'я стала галоўным дасягненнем і крыніцай натхнення.
– Нельга не адзначыць, колькі наш Купалаўскі ўніверсітэт на чале з рэктарам універсітэта Ірынай Фёдараўнай Кітурка робіць для папулярызацыі традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Таму што сям'я – гэта каханне. Сям'я – гэта абарона. Сям'я – гэта падтрымка ў любой сітуацыі. Сям'я – гэта крылы, якія нясуць нас па жыцці! – адзначыла Наталля Башун, прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы.
Выстава нагадвае кожнаму з нас: менавіта ў сям'і закладаюцца тыя каштоўнасці, якія робяць наша грамадства моцным, а краіну – квітнеючай. Запрашаем студэнтаў і супрацоўнікаў дакрануцца да гэтай добрай традыцыі на вернісажы ў навуковай бібліятэцы.