21 мая ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Тэмай сустрэчы стала абмеркаванне пытанняў развіцця турыстычнай сферы Беларусі і Гродзенскай вобласці, а таксама турызму як аднаго з вядучых напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на бліжэйшую пяцігодку.
З дакладам на тэму «Трэнды і новыя напрамкі развіцця турызму ў Беларусі» перад купалаўцамі выступіла загадчык кафедры турызму і культурнай спадчыны факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Таццяна Баярчук.
Пачала сваё выступленне Таццяна Мікалаеўна са слоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. На другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу 18 снежня 2025 года Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кожны куток Беларусі мае сваю асобу і сваю самабытнасць.
Таццяна Баярчук акцэнтавала ўвагу на тым, што Беларусь мае патэнцыял для развіцця турыстычнай галіны за кошт унікальнага прыроднага ландшафту, вялікай колькасці нацыянальных паркаў і запаведнікаў, больш за дзесяць тысяч азёр і звыш 5500 аб'ектаў культурна-гістарычнай спадчыны.
Спікер падкрэсліла, што задача бліжэйшай пяцігодкі – зрабіць турызм нацыянальным праектам, адкрыць свету гісторыю нашай краіны, нашу культуру і мову. Таксама было адзначана, што на сённяшні дзень турызм з'яўляецца адной з найбуйнейшых галін сусветнай эканомікі, якія дынамічна развіваюцца.
Адмысловая ўвага падчас выступу была нададзена змене запытаў турыстаў. Цяпер узрастае запыт на арыгінальныя, самабытныя турыстычныя маршруты рознай накіраванасці і якасны сэрвіс. Сярод турыстаў таксама павялічваецца цікавасць да аздараўленчага адпачынку, таму было вырашана ў 2030 годзе павялічыць колькасць месцаў у беларускіх санаторыях на трэць.
Таццяна Мікалаеўна адзначыла, што на найбліжэйшыя пяць гадоў пастаўлена яшчэ і задача ўдасканалення інфраструктуры, у тым ліку будаўніцтва і рэканструкцыя 100 аб'ектаў і павелічэнне нумарнога фонду гасцініц.
Гаворачы аб развіцці турызму ў Гродзенскай вобласці, было адзначана, што ў планах на бліжэйшую пяцігодку – стварыць два буйныя аб'екты на тэрыторыі Аўгустоўскага канала.