На працягу двух дзён, з 11 па 12 мая, на інжынерным факультэце Купалаўскага ўніверсітэта праходзіла маштабная навуковая падзея, якая аб'яднала таленавітую моладзь і вопытных даследчыкаў, – XIII Міжнародная навуковая канферэнцыя "Традыцыі, сучасныя праблемы і перспектывы развіцця будаўніцтва".
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся Дзмітрый Ліннік, дэкан інжынернага факультэта. Дзмітрый Аляксандравіч падкрэсліў важнасць пераемнасці пакаленняў у будаўнічай навуцы і выказаў упэўненасць, што канферэнцыя стане пляцоўкай для прарыўных ідэй.
Таксама ўдзельнікаў і гасцей прывітала доктар тэхнічных навук Людміла Сулейманава з Белгарадскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта імя В.Г. Шухава. У сваёй прамове Людміла Аляксандраўна адзначыла высокі ўзровень арганізацыі форуму і выказала надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва паміж універсітэтамі.
Асаблівую цеплыню ў залу ўнесла выступленне Алы Волік - кандыдата тэхнічных навук, дацэнта кафедры архітэктуры і будаўніцтва інжынернага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Менавіта Ала Рычардаўна стаяла ля вытокаў правядзення гэтай канферэнцыі шмат гадоў таму. У сваім звароце яна падзялілася ўспамінамі аб першых кроках форуму, падзякавала цяперашнім арганізатарам за захаванне традыцый і пажадала маладым даследчыкам смеласці ў пошуку нестандартных рашэнняў.
У гэтым годзе канферэнцыя зноў пацвердзіла статус аўтарытэтнай пляцоўкі для абмену перадавымі ідэямі. Свае даклады прадставілі маладыя вучоныя, аспіранты і студэнты. Праца вялася па чатырох ключавых напрамках, якія ахопліваюць самыя актуальныя трэнды галіны: гісторыя архітэктуры і архітэктура будынкаў; сучасныя канструкцыі і метады разліку; новыя матэрыялы і тэхналогіі; інфармацыйнае мадэляванне (BIM).
Праграма двух дзён канферэнцыі змясціла ў сябе не толькі пленарныя і секцыйныя пасяджэнні, але і навуковыя дыскусіі, якія дазволілі калегам з розных краін абмяняцца вопытам і знайсці кантакты для будучых сумесных праектаў. Многія маладыя даследчыкі выкарыстоўвалі гэты шанец, каб заявіць аб сабе ў прафесійнай супольнасці.
Інжынерны факультэт выказвае шчырую падзяку ўсім удзельнікам за змястоўныя даклады, актыўную жыццёвую пазіцыю і неацэнны ўклад у навуковую дыскусію.
.