27 мая ў Купалаўскім універсітэце прайшло пасяджэнне круглага стала, прымеркаванае да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Падчас мерапрыемстваў прагучалі даклады, прысвечаныя дзейнасці раённых Саветаў дэпутатаў працоўных Гродзенскай вобласці па аднаўленні мірнага жыцця ў 1944-1950 гадах.
Круглы стол «На шляху да Вялікай Перамогі» быў праведзены ў рамках рэалізацыі міждысцыплінарнага праекта «Народаўладдзе на Гродзеншчыне: гісторыя і сучаснасць». Яго арганізатарамі выступілі факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы і Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў.
У рабоце круглага стала прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч, старшыня Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік, старшыня Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Павел Панкевіч, старшыня Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка, старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў Алег Таргонскі, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хведзюк, старшыня Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Якімовіч. Актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства таксама сталі прафесарска-выкладчыцкі склад кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі, кафедры журналістыкі, студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, члены Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў IV склікання.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў круглага стала звярнулася рэктар Купалаўскага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук Ірына Кітурка:
– Круглы стол «На шляху да Вялікай Перамогі» – гэта адно з мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі, якія праводзяцца ў нашым універсітэце. Навуковая работа, якую мы з вамі ажыццяўляем у рамках рэалізацыі міждысцыплінарнага праекта «Народаўладдзе на Гродзеншчыне: гісторыя і сучаснасць», накіравана на ліквідацыю белых плям у гісторыі нашай краіны. Пытанні народаўладдзя не толькі Гродзеншчыны, але і ўсёй Беларусі чакаюць свайго даследавання. Як вядома, перамога кавалася не толькі на франтах, у партызанскіх атрадах, але і ў тыле. Сёння размова пойдзе аб прадстаўніках раённых Саветаў дэпутатаў Гродзенскай вобласці, якія прынялі актыўны ўдзел у аднаўленні нашай краіны ў пасляваенны перыяд.
Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта выказала падзяку выкладчыкам і студэнтам, якія падключыліся да рэалізацыі міждысцыплінарнага праекта «Народаўладдзе на Гродзеншчыне: гісторыя і сучаснасць».
– Я вельмі рада, што са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Купалаўскага ўніверсітэта мы сталі добрымі сябрамі, таму што робім адну агульную справу: вывучаем нашу гісторыю пра правільна прынятыя рашэнні, якія дазволілі рухаць развіццё нашай краіны і паляпшаць якасць жыцця нашых грамадзян. Сёння мы будзем казаць аб ролі мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія паўплывалі на развіццё народнай гаспадаркі ў пасляваенны час, – адзначыла Алена Пасюта.
У рамках круглага стала студэнты-гісторыкі ГрДУ імя Янкі Купалы прадставілі даклады, якія асвятляюць ключавыя аспекты аднаўлення рэгіёна пасля вайны. Тэмы выступленняў – «Варонаўшчына на шляхах аднаўлення», «Дзейнасць мясцовых органаў улады па ліквідацыі наступстваў вайны на Лідчыне», «Аднаўленне мірнага жыцця на Слонімшчыне», «Кіраўніцтва Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных аднаўленчымі работамі ў 1944-1955 гг.» і «Аднаўленне Гродзенскага рэгіёна ў адлюстраванні абласной газеты «Гродзенская праўда».
Уражаннем аб правядзенні круглага стала падзяліўся студэнт 3 курса спецыяльнасці «Гісторыя» Канстанцін Жукоўскі, які выступіў з дакладам на тэму «Дзейнасць мясцовых органаў улады па ліквідацыі наступстваў вайны на Лідчыне»:
– Круглы стол стаў важнай пляцоўкай для абмеркавання гістарычных падзей і абмену вопытам. Гэта садзейнічае паглыбленню ведаў аб пасляваенным аднаўленні Гродзенскай вобласці. Маё даследаванне праводзілася ў рамках рэалізацыі міждысцыплінарнага праекта «Народаўладдзе на Гродзеншчыне: гісторыя і сучаснасць». Праца вялася ў архівах г. Гродна вынікі рэгулярна прадстаўляліся на розных навуковых канферэнцыях. Лічу, што дадзеная тэма вельмі важная для гістарычнага дыскурсу, дык гэта, перш за ўсё, захаванне памяці і перадача яе наступным пакаленням.