Крытычнае мысленне як здольнасць усебакова аналізаваць інфармацыю і рабіць абгрунтаваныя высновы трэба актыўна і мэтанакіравана развіваць. Як? Сваімі назіраннямі і адкрыццямі ў гэтай галіне падзялілася мадэратар заняткаў, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Алена Здановіч.
На думку мадэратара, навучыцца крытычнаму мысленню адразу не атрымаецца. Падобна да вывучэння замежных моў многае на першую пару будзе здавацца складаным і незразумелым, пакуль навык крытычна думаць не ператворыцца ў натуральную патрэбнасць чалавека.
«Каб стаць асобай, якая крытычна мысліць, варта прытрымлівацца некалькіх важных правілаў, – падкрэсліла падчас размовы з калегамі Алена Здановіч. – Неабходна ўважліва аналізаваць інфармацыю, выкарыстоўваць алгарытмы крытычных пытанняў, тлумачыць і абгрунтоўваць асабістую пазіцыю і, нарэшце, прымяняць атрыманыя вынікі для вырашэння канкрэтных праблем».
У якасці прыкладу быў разгледжаны прыём «Бартавы часопіс», які мадэратар апрабавала ў працы з навучэнцамі Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы. Крытычна аналізуючы жыццё і дзейнасць Саламеі Русецкай – аўтара прыгодніцкага рамана «Авантуры майго жыцця», навучэнцы паралельна вызначылі структуру навуковага артыкула, супаставіўшы яго са структурай паста ў сацыяльнай сетцы «Інстаграм».
Шмат карысных і прадуктыўных думак прагучала падчас абмеркавання тэмы занятку. Удзельнікі праекта распавялі пра асабісты досвед выкарыстання тэхналогіі крытычнага мыслення, у прыватнасці, метаду 6 капелюшоў; выказалі меркаванне, што многія сучасныя метады навучання з'яўляюцца «трансфармацыяй раней распаўсюджаных у вучэбнай практыцы метадаў крытычнай ацэнкі інфармацыі».
Лабараторыя адукацыйных інавацый запрашае выкладчыкаў і студэнтаў на чарговы занятак праекта «Адкрытае навучанне», які адбудзецца 12 снежня 2024 года па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, аўдыторыя 218а. Пачатак у 15.05. Мадэратары занятку выкладчыкі кафедры фінансаў і бухгалтарскага ўліку Наталля Патоцкая і Наталля Зубрыцкая падзеляцца вопытам выкарыстання навацый «Адкрытага навучання» за тры сезоны яго існавання.
Адкрытае навучанне – гэта пляцоўка для зносін выкладчыкаў, абмену вопытам і лепшымі адукацыйнымі практыкамі Купалаўскага універсітэта!
Далучайцеся!