У рамках рэалізацыі дагавора аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам і Свіслацкім раённым выканаўчым камітэтам 6 снежня адбыўся семінар-практыкум, які стаў важным крокам у павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў у сферы псіхалогіі і педагогікі.
Мерапрыемства прайшло на базе гімназіі №1 імя П. Васіленка ў г. Свіслач і сабрала класных кіраўнікоў і спецыялістаў службы падтрымкі псіхалагічнага суправаджэння (СППС) з розных адукацыйных устаноў раёна.
Семінар правяла намеснік дэкана факультэта псіхалогіі па вучэбнай рабоце, старшы выкладчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі Антаніна Семак. Яна прадставіла ўдзельнікам актуальную тэму “Булінг і кібербулінг. Прафілактычныя і карэкцыйныя падыходы». Дадзеная тэма ў апошнія гады стала асабліва важнай, бо праявы булінгу і кібербулінгу ўсё часцей сустракаюцца ў адукацыйным асяроддзі і патрабуюць комплекснага падыходу да іх рашэння.
Падчас семінара Антаніна Сяргееўна абмеркавала з удзельнікамі асноўныя аспекты вызначэння булінгу як віду гвалту над дзіцьмі. Удзельнікі семінара атрымалі магчымасць папрацаваць над выяўленнем відаў агрэсіўнага пераследу і разгледзелі наступствы булінгу для дзяцей і падлеткаў. Важным момантам стала абмеркаванне алгарытмаў дзеянняў спецыялістаў у выпадку выяўлення фактаў школьнага булінгу. Антаніна Семак прадставіла шэраг эфектыўных тэхналогій, накіраваных на спыненне і папярэджанне прыніжэння ў адукацыйным асяроддзі.
Семінар-практыкум стаў не толькі платформай для абмену ведамі і вопытам, але і магчымасцю для ўдзельнікаў наладзіць супрацоўніцтва, выпрацаваць сумесныя стратэгіі па процідзеянні булінгу і кібербулінгу. Удзельнікі адзначылі важнасць такіх мерапрыемстваў для фарміравання бяспечнага адукацыйнага асяроддзя, якое садзейнічае развіццю дзяцей і падлеткаў.