23 мая ў Мінску ў рамках дзелавой праграмы XII Міжнароднай выставы ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2025 прайшоў кірмаш інавацыйных распрацовак «Забеспячэнне бяспекі: тэхналогіі, абсталяванне, спецыяльныя сродкі».
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы быў прадстаўлены выкладчыкам кафедры сучасных тэхналогій праграмавання Іванам Ермаком і начальнікам цэнтра трансферу тэхналогій Аленай Апякун. На кірмашы купалаўцы паказалі сумесны праект факультэта матэматыкі і інфарматыкі і агульнавайсковай кафедры ваеннага факультэта – «Лічбавыя двайнікі ўзораў узбраення». Удзельнікі прадэманстравалі магчымасці стварэння лічбавых мадэляў, трэнажораў і сімулятараў ваеннай накіраванасці. Таксама сярод прадстаўленых распрацовак былі комплекс праграм па вядзенні разведкі, віртуальны сімулятар навучання рабоце з далямерам камандзірскіх і разведвальных машын, а таксама інтэрактыўныя лічбавыя мадэлі ўзораў узбраення ў дапоўненай рэальнасці.
Кірмаш накіраваны на фарміраванне і развіццё сувязей паміж прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі навукі і адукацыі, а таксама на выкарыстанне перадавых навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак у рэальным сектары эканомікі. Праграма кірмашу ўключала прэзентацыі інавацыйных распрацовак з высокім патэнцыялам для камерцыялізацыі перад прадстаўнікамі патэнцыйных замоўцаў і спажыўцоў. ГрДУ імя Янкі Купалы ганарыцца сваім укладам у развіццё тэхналогій, якія гарантуюць бяспеку і эфектыўнасць у галіне абароны.