15 лістапада Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы зноў адчыніць свае дзверы для будучых абітурыентаў, каб дапамагчы ім прыняць самае галоўнае рашэнне на гэтым жыццёвым этапе. У рамках “Універсітэцкай суботы” юнакі і дзяўчаты змогуць пазнаёміцца з факультэтам біялогіі і экалогіі, а таксама наведаць факультэты мастацтваў і дызайну і гісторыі, камунікацыі і турызму.
Факультэт біялогіі і экалогіі падрыхтаваў для навучэнцаў 9-11 класаў і іх бацькоў сустрэчу з дэканам факультэта Вольгай Янчурэвіч, якая раскажа аб траекторыях паступлення на спецыяльнасці факультэта. Каб глыбей акунуцца ў атмасферу навучання, студэнты кожнай спецыяльнасці правядуць для школьнікаў займальныя мерапрыемствы. Будучых абітурыентаў чакаюць "Біяхімічны квіз", майстар-класы "Мелодыі жывёльнага свету" і "Ароматэрапія: сакрэты раслінных водараў", мерапрыемства "Лабараторыя сучаснасці і будучыні: экахаб - ад проб вады да IT-рашэнняў", стартап-праект "Fresh-пазнака", а таксама майстар-клас "Атрыманне і ўласцівасці натуральных харчовых фарбавальнікаў". "Універсітэцкая субота" факультэта біялогіі і экалогіі пройдзе па адрасе: зав. Даватара, 3/1, аўд. 201 у 12:00. Для ўдзелу трэба прайсці рэгістрацыю.
Для школьнікаў, якія жадаюць у будучыні звязаць сваё жыццё з музыкай, факультэт мастацтваў і дызайну правядзе Дзень адчыненых дзвярэй на кафедры музычнага мастацтва. Удзельнікаў чакае знаёмства з выкладчыкамі кафедры, адказы на пытанні пра студэнцкае жыццё і паступленне на спецыяльнасць “Музычная адукацыя”. Таксама будзе праведзена лекцыя "Музычная адукацыя: першыя крокі ў прафесію" ад старшага выкладчыка кафедры музычнага мастацтва Таццяны Фраловай. Мерапрыемства пачнецца а 10:00 па адрасе: пл. Тызенгаўза, 1, аўд. 16. Каб стаць удзельнікам Дня адчыненых дзвярэй і лекцыі, неабходна прайсці рэгістрацыю па спасылцы.
Для жадаючых у будучыні паступіць на спецыяльнасць "Сацыялогія" факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму ў рамках "Універсітэцкай суботы" запрашае наведаць сустрэчу, прысвечаную дадзенай спецыяльнасці. Падчас мерапрыемства школьнікі больш падрабязна даведаюцца аб выбранай сферы, а таксама змогуць задаць пытанні аб паступленні і навучанні. Мерапрыемства пройдзе ў 13.30 па адрасе: вул. Кастрычніцкая, 5, аўд. 101.
ГрДУ імя Янкі Купалы чакае будучых абітурыентаў!


