Лаўрэатамі прэміі імя Героя Беларусі Аляксандра Іосіфавіча Дубко за 2024 год сталі 34 юныя жыхары вобласці. Гэта навучэнцы і студэнты, якія дабіліся найбольш высокіх вынікаў у навуцы, спорце, творчасці, выдатнікі адукацыі, актывісты.
Прэмія імя А.І. Дубко існуе больш за 25 гадоў і ў першую чаргу дазваляе адзначыць дасягненні тых, хто ўнёс уклад у развіццё роднага краю. З 1998 года яе ўладальнікамі сталі больш за сотню адораных юнакоў і дзяўчат. Гэта маладыя актыўныя людзі, якія сталі пераможцамі ў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, праявілі сябе ў спартыўнай сферы, паказалі найлепшы вынік у творчых спаборніцтвах і навуковай дзейнасці.
Сёлета прэміі ўдастоены навучэнка 3 курса Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Ангеліна Чачко, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта Юлія Сінкевіч, студэнт 4 курса факультэта фізічнай культуры Арцём Чамбровіч і студэнт 4 курса юрыдычнага факультэта Ягор Шушкевіч.
Прэмія, якая носіць імя Героя Беларусі, стала сімвалам гонару для ўсіх лаўрэатаў, падкрэсліваючы іх уклад у агульны дабрабыт і будучыню краіны. Гэтыя таленавітыя маладыя людзі з'яўляюцца яркімі прадстаўнікамі новага пакалення, гатовыя прымаць выклікі і будаваць сваю будучыню на аснове ведаў, таленту і ўпартай працы.
Прэміяльны фонд сёлета складае 27,2 тысячы рублёў. Гэта значыць, кожны лаўрэат атрымае грашовую прэмію ў памеры 20 базавых велічынь.
Віншуем купалаўцаў!