7 жніўня Указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі настаўнік матэматыкі гімназіі нумар 1 горада Ліда Альфрэд Антонавіч Ладыка быў удастоены вышэйшай педагагічнай узнагароды краіны - звання "Народны настаўнік Беларусі". Гэта ганаровае званне прысвойваецца за выдатныя дасягненні ў галіне адукацыі, шматгадовую добрасумленную працу і значны ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення.
Выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Альфрэд Ладыка больш за дваццаць гадоў выкладае матэматыку ў гімназіі раённага цэнтра. Праз яго прафесійныя рукі і творчыя ўрокі прайшлі тысячы вучняў.
Прафесіянал сваёй справы шэсць гадоў адпрацаваў настаўнікам матэматыкі ў Іўеўскай сярэдняй школе, затым столькі ж - у сярэдняй школе №11 горада Ліды. У 1993 годзе, на запрашэнне дырэктара Наталлі Зайцавай, перайшоў працаваць у гімназію, дзе і працуе па цяперашні час.
За гады працы выкладчыкам у гімназіі купалавец падрыхтаваў больш за 25 пераможцаў заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды. Яго вучні заваявалі бронзавыя медалі на міжнароднай алімпіядзе ў г. Ханой (В'етнам), а таксама былі ўключаны ў каманду Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы. Больш за дзесяць вучняў Альфрэда Антонавіча атрымалі 100-бальныя сертыфікаты на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы.
Ганаровае званне "Народны настаўнік Беларусі" - гэта не толькі пра тытул, але і прызнанне прафесійных кампетэнцый педагога, а таксама яркі прыклад для маладых настаўнікаў! Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ганарыцца сваімі выпускнікамі, іх узнагароды і перамогі пацвярджаюць высокую адукацыйна-тэхнічную базу для падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў у Рэспубліцы Беларусь.
Нагадаем, што Альфрэд Антонавіч Ладыка стаў другім Народным настаўнікам у гісторыі незалежнай Беларусі.