Сёння, 16 снежня, Аляксандра Барабан, студэнтка 2 курса факультэта эканомікі і кіравання, прадставіла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на фінале другога гарадскога конкурсу «Гродзенчанка-2025». Па выніках конкурсу купалавец заняла другое месца.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла Гродзенская гарадская арганізацыя «Гродзенчанка» грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын».
Конкурс праводзіцца з мэтай павышэння статусу і ролі жанчын у грамадстве і жыцці горада Гродна, прапаганды культуры, прыгажосці, гармоніі і дасканаласці жанчыны, дасягнення грамадзянскай згоды, адзінства і міру паміж людзьмі розных нацыянальнасцей, канфесій, выхавання ў гродзенцаў павагі і любові да Беларусі і роднага горада, а таксама выяўлення новых талентаў, стварэння ўмоў для рэалізацыі здольнасцей і творчасці.
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна было падрыхтаваць відэавізітку і творчы нумар. У відэавізітоўцы Аляксандра расказала пра свае дасягненні, жыццёвыя перакананні і падзялілася планамі адносна сваёй будучай прафесіі. У творчым нумары дзяўчына здзівіла гледачоў ігрой адразу на трох інструментах: скрыпка, фартэпіяна і гітара. Крэатыўнасць і яркасць выступлення студэнткі Купалаўскага ўніверсітэта пакарыла сэрцы гледачоў і пакінула незабыўныя эмоцыі.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ганарыцца Аляксандрай Барабан, яе смеласцю, мэтанакіраванасцю і выдатным прадстаўленнем універсітэта на гарадскім узроўні.