Сапраўдную зімовую казку ад купалаўцаў атрымалі дзеці з дзіцячага сада № 78 і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 г. Гродна. З віншаваннямі і падарункамі да іх на ранішнікі разам з Дзядулем Марозам і Снягуркай прыехала рэктар Купалаўскага ўніверсітэта, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Кітурка.
Навагодні цуд для самых маленькіх гродзенцаў - традыцыя нашага ўніверсітэта. Як старшыня камісіі па сацыяльнай палітыцы і справах моладзі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць дзевятага склікання Ірына Фёдараўна штогод наведвае дашкалят, віншуе іх, дорыць ім не толькі падарункі, але і сваё душэўнае цяпло.
Адзначым, Купалаўскі ўніверсітэт штогод прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці». Прадстаўнікі ўніверсітэта, яго структурных падраздзяленняў, каледжаў арганізуюць для выхаванцаў дзіцячых садкоў і інтэрнатаў навагоднія і калядныя мерапрыемствы, тэматычныя выставы і дабрачынныя акцыі, а таксама дораць падарункі і незабыўныя ўражанні. Падарункі прадастаўлены прафсаюзным камітэтам работнікаў і навучэнцаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках рэспубліканскай акцыі "Прафсаюзы дзецям".