5 мая ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылася сустрэча з навучэнцамі першага курса з іншых краін. Мерапрыемства было прысвечана тэме «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь і адказнасць замежнага грамадзяніна», закліканай забяспечыць прававую інфармаванасць студэнтаў і іх бяспеку.
З актуальнымі дакладамі выступілі прадстаўнікі вядучых профільных ведамстваў. Намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Гродзенскага аблвыканкама Ігар Агейчык асвятліў пытанні заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы супрацьдзеяння наркаагрэсіі. Начальнік аддзялення арганізацыі працы ІСН УУС Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Крупіца акцэнтаваў увагу на аспектах забеспячэння асабістай бяспекі і захаванасці маёмасці, а таксама прававой адказнасці за крадзяжы. Начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды Упраўлення дзяржаўтаінспекцыі УУС Гродзенскага аблвыканкама Аляксей Аніскевіч расказаў аб асновах дарожнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь. Начальнік кантрольна-рэвізорскай службы КУП «Гродзенскі гарадскі Аператар пасажырскіх перавозак» Маргарыта Навумчык растлумачыла парадак праезду ў грамадскім транспарце і прававую адказнасць за безбілетны праезд. Начальнік і старшы інспектар аддзела па грамадзянстве і міграцыі АУС адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна Дзіна Сытая і Юлія Савоняка правялі падрабязную кансультацыю па пытаннях знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялога, дзе студэнты мелі магчымасць задаць хвалюючыя іх пытанні. Мерапрыемства стала важным крокам у адаптацыі замежных студэнтаў да ўмоў жыцця і вучобы ў Беларусі, накіраваным на фарміраванне прававой культуры і адказных паводзін.