Напярэдадні Міжнароднага дня сям'і, які праходзіць 15 мая, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшоў навучальны семінар «Сямейная палітыка як аснова дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Арганізатарам выступіла Гродзенская абласная арганізацыйная структура рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства «Веды».
Экспертам выступіла кіраўнік Цэнтра чалавечага развіцця і дэмаграфіі дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Анастасія Баброва, кандыдат эканамічных навук, дацэнт.
– Нам варта паразважаць: а ці ўсё правільна мы робім, наколькі моцны наш сямейны саюз і, у прынцыпе, інстытут сям'і? Таму што ў нас ёсць чым ганарыцца і ёсць над чым працаваць, – падзялілася Анастасія Рыгораўна.
Праграма семінара ахапіла шырокі спектр пытанняў. Удзельнікі абмеркавалі доўгатэрміновыя дэмаграфічныя наступствы генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Былі прааналізаваны бягучыя працэсы дэмаграфічнага развіцця ў свеце і Рэспубліцы Беларусь, а таксама іх уплыў на сацыяльна-эканамічную стабільнасць. Удзельнікі разгледзелі, як мяняецца сучасная сям'я ва ўмовах сацыяльна-эканамічных выклікаў і якую ролю адыгрывае дзяржава ў яе падтрымцы. У гэтым кантэксце сямейная палітыка была прадстаўлена як ключавы інструмент гарантавання дэмаграфічнай бяспекі і ўмацавання суверэнітэту краіны.
Семінар стаў важнай пляцоўкай для прафесійнага абмеркавання пытанняў захавання традыцыйных каштоўнасцей і пошуку эфектыўных механізмаў падтрымкі беларускіх сем'яў у сучасных умовах.