Наталля Лабеева, спецыяліст кафедры журналістыкі Купалаўскага ўніверсітэта, прэзентавала сваю аповесць «Дзённік мастоміса або Жыццё вачыма пацуковай мышкі».
Адкрываючы сустрэчу, ганаровы госць прэзентацыі, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзіёнчык зазначыў: «Пацешуся разам з вамі таму, што ў нас ёсць такая яскравая творчая асоба. За яе дзейнасцю наша пісьменніцкая арганізацыя сочыць ужо не адзін год. Наталля актыўна ўдзельнічае ў творчым жыцці Прынёманскага краю». Дзмітрый Мікалаевіч падкрэсліў, што кожная творчая асоба мае патрэбу ў падтрымцы і падзякаваў аўдыторыі за ўвагу да творчасці маладых пісьменнікаў.
Член Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Алізар звярнула ўвагу на тое, што Наталля Лабеева – выключна творчы чалавек, паэтычная і ранімая натура. Госця павіншавала маладога аўтара з прэзентацыяй і пажадала творчых поспехаў.
Падчас прэзентацыі Наталля Лабеева расказала аб тым, што нарадзілася ў Слоніме. Першыя казкі пачала складаць ва ўзросце 6 гадоў. У яе ўжо выйшлі 6 першых кніг, і зараз аўтар паставіла перад сабою задачу расказаць пра сваю творчасць свету.
Аповесць «Дзённік мастоміса або Жыццё вачыма пацуковай мышкі» не толькі пра маленькую хатнюю жывёлу. Апавяданне будуецца ад асобы грызуна. І аўтар перыядычна дае пераклад: як тыя ці іншыя акалічнасці бачаць людзі. Таму кніга вучыць таму, як важна навучыцца бачыць свет не толькі на свае, але і чужыя вочы. Гэтая кніга пра ўзаемаадносіны маці і дачкі, начальніцы і падпарадкаванага, суседзяў. А паколькі кніга пра ўзаемаадносіны, яна будзе цікавая людзям маладым. Тым, хто вучыцца выбудоўваць камунікацыю адно з адным.
Прысутныя на сустрэчы студэнты задалі пытанні Наталлі аб творчым працэсе: удакладнілі, ці ёсць у аўтара творчы план да таго, як з'явяцца першыя радкі, што з'яўляецца падставай для натхнення, адкуль аўтар чэрпае вобразы, ці ёсць у Наталлі публікацыі ў перыядычным друку.
Завяршылася прэзентацыя аўтограф-сесіяй, падчас якой студэнты-купалаўцы атрымалі экзэмпляры аповесці з аўтографамі і пажаданнямі аўтара.