10 ліпеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылося залічэнне абітурыентаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Удзел у пасяджэнні прыняў Руслан Абрамчык, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, намеснік старшыні камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі ў 2026 годзе ва УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы».
У лік студэнтаў залічана 199 абітурыентаў, якія паступалі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Найбольшы конкурс склаўся па спецыяльнасцях «Архітэктура» (14 чалавек на месца), «Правазнаўства» (3,75), «Электраэнергетыка і электратэхніка» (3,63), «Эканоміка і кіраванне» (3,50) і «Сучасныя замежныя мовы» (3,33).
Больш за ўсё абітурыентаў па мэтавым наборы было залічана на спецыяльнасці «Адукацыя ў галіне фізічнай культуры» (20 чалавек), «Мытная справа» (18 чалавек), «Пачатковая адукацыя» (18 чалавек), «Гісторыя» (14 чалавек), «Рамана-германская філалогія» (14 чалавек), «Руская філалогія» (12 чалавек), «Правазнаўства» (12 чалавек) і «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» (12 чалавек).
Сярод абітурыентаў, залічаных на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, 6 абітурыентаў маюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным медалём), 1 абітурыент з дыпломам заключнага этапа Рэспубліканскай алімпіяды і 1 абітурыент з дыпломам III (абласнога) этапа Рэспубліканскай алімпіяды, 9 абітурыентаў – пераможцы Шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды, 21 абітурыент – выпускнікі класаў (груп) профільнай накіраванасці.
Найбольшы бал атрымалі абітурыенты па спецыяльнасцях «Правазнаўства» ў інтарэсах следчага камітэта – 197 балаў, «Мытная справа» ў інтарэсах Гродзенскай рэгіянальнай мытні – 195, «Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў» у інтарэсах ААТ «Гроднапрамбуд» – 194 балы, «Біялогія» ў інтарэсах ДПУ НП «Белавежская пушча» – 188 балаў, «Адукацыя ў галіне фізічнай культуры» ў інтарэсах упраўлення спорту Гродзенскай вобласці – 183 балы; «Рамана-германская філалогія (англійская)» у інтарэсах упраўлення адукацыі Гродзенскага райвыканкама – 182 балы, «Транспартная лагістыка» ва ўпраўленні адукацыі Лідскага райвыканкама – 181 бал, «Гісторыя» ў інтарэсах аддзела адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Гродна – 181 бал, «Матэматыка» ў інтарэсах аддзела адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Гродна – 180 балаў. 137 абітурыентаў было залічана на педагагічныя спецыяльнасці, 18 – на інжынерныя.
Абітурыенты праінфармаваны аб залічэнні ў Лічбавым кабінеце абітурыента.
Даведачна. Усяго для абітурыентаў 2026 года, якія паступаюць у Купалаўскі ўніверсітэт, выдзелена 1469 месцаў для атрымання агульнай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, 845 – на платнай аснове. На дзённую бюджэтную форму навучання змогуць паступіць 1202 чалавекі, на дзённую платную – 605 чалавек. Завочная бюджэтная форма – 267 чалавек. Стаць студэнтамі завочнай платнай формы – 240 чалавек.
Па ўсіх пытаннях паступлення ў ГрДУ імя Янкі Купалы можна звярнуцца на гарачую лінію: 8 (0152) 67-01-01 у буднія дні з 9:00 да 17:00. А таксама задаць пытанні ў Лічбавым кабінеце абітурыента (abit.by).