31 жніўня ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прайшла сустрэча новаспечаных студэнтаў з адміністрацыяй універсітэта і лідарамі маладзёжных студэнцкіх аб'яднанняў. Новыя члены купалаўскай сям'і праслухалі сваю першую лекцыю, якую правяла для іх рэктар універсітэта Ірына Кітурка.
Лекцыя пад назвай «Універсітэт вашых магчымасцяў» пачалася з натхняльных слоў Ірыны Фёдараўны. Яна адзначыла, што моладзь, якая сабралася ў зале, - стратэгічны рэсурс нашай краіны і гонар Купалаўскага універсітэта.
Падчас лекцый першакурснікі пазнаёміліся са шматгадовай гісторыяй універсітэта, яго дасягненнямі і вядомымі выпускнікамі. Новаспечаныя студэнты даведаліся аб студэнцкіх аб'яднаннях, спартыўных секцыях, валанцёрскіх атрадах, у якіх яны могуць праявіць сябе, і мерапрыемствах, якімі напоўнена студэнцкае жыццё. Таксама рабятам расказалі пра лічбавае адукацыйнае асяроддзе, створанае ва ўніверсітэце, сацыяльную падтрымку студэнтаў, мабільны дадатак «Памятка першакурсніка» і чат-бот у Тэлеграм-канале «Памятка студэнта ГрДУ», якія дапамогуць студэнтам асвоіцца. У канцы лекцыі Ірына Фёдараўна падзялілася лайфхакамі, якія дапамогуць першакурснікам падчас навучання: працаваць на вынік, падтрымліваць адзін аднаго і дзейнічаць.
Па традыцыі ў рамках урачыстага мерапрыемства "Прысвячэнне ў студэнты" прайшло ўручэнне студэнцкіх білетаў і акадэмічных знакаў абітурыентам, якія паказалі лепшыя вынікі падчас уступных экзаменаў, а таксама прызоў пераможцам віктарыны на веданне гісторыі Купалаўскага ўніверсітэта. Затым прайшла ўрачыстая перадача сімвалічнага студэнцкага білета і Ключа ведаў ад старшакурснікаў першакурснікам.
Свята прайшло ў цёплай атмасферы, якая дапамагла студэнтам першага курса ў поўнай меры адчуць дух Купалаўскага ўніверсітэта. Студэнтка першага курса факультэта эканомікі і кіравання Марыя Шушко прызналася, што пасля лекцыі рэктара яна ўмацавалася ў сваім меркаванні, што зрабіла правільны выбар вышэйшай навучальнай установы.
- Факультэт эканомікі і кіравання я выбрала, таму што тут вучыўся мой тата. Гэта стала традыцыяй у нашай сям'і. Падчас лекцыі ад рэктара ўніверсітэта я канчаткова пераканалася, што зрабіла правільны выбар, таму што ўбачыла, наколькі ўсе тут матываваныя, наколькі шмат вядзецца працы са студэнтамі і абітурыентамі і наколькі тут шмат магчымасцяў, - распавяла Марыя Шушко.
Яркім фіналам сустрэчы стала вымаўленне ўрачыстай клятвы, першакурснікі пакляліся дастойна несці званне студэнта, спасцігаць навукі, актыўна ўдзельнічаць у жыцці ўніверсітэта і быць дастойным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.