Інфармацыйна-прапагандысцкае мерапрыемства адбылося 10 верасня, напярэдадні Дня народнага адзінства – аднаго з самых маладых дзяржаўных свят краіны.
На сустрэчы прысутнічалі супрацоўнікі, выкладчыкі і студэнты Купалаўскага ўніверсітэта. Цэнтральнай тэмай стала дата 17 верасня – асаблівы дзень у Рэспубліцы Беларусь. У гістарычны кантэкст удзельнікаў мерапрыемства пагрузіла рэктар універсітэта, доктар гістарычных навук, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і старшыня праўлення Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры РДГА "Веды" Ірына Кітурка. Яна падкрэсліла, што ідэя заснавання Дня народнага адзінства прагучала на вышэйшым узроўні ў лютым 2021 года на VI Усебеларускім народным сходзе, які праходзіў пад лозунгам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». І ўжо 7 чэрвеня 2021 года новае свята ў адпаведнасці з Указам Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з'явілася ў нашым календары:
– Дзень народнага адзінства – не проста важная для нас дата. Ён, як і Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці нашай краіны, – жывая сувязь часоў, калі ўрокі гісторыі становяцца падмуркам для будучыні. Гэтае свята сімвалізуе непарушнасць межаў і этнічную згуртаванасць беларускай нацыі і дазваляе захаваць нашу нацыянальную самасвядомасць.
Як распавяла спікер, паводле Рыжскага мірнага дагавору, падпісанага 18 сакавіка 1921 года без удзелу беларускай дэлегацыі, амаль палова земляў Беларусі, дзе пражывала больш за 70% карэннага насельніцтва, адышла да Польшчы:
– Новая дзяржаўная мяжа падзяліла суседзяў, сем'і, сваякоў нават у рамках адной вёскі. Заходнія беларусы аказаліся на мяжы знікнення менавіта як нацыя. Па ўсёй тэрыторыі "крэсаў усходніх", як называлі Заходнюю Беларусь у складзе Польшчы, польскія ўлады паслядоўна праводзілі палітыку пад лозунгам "Польшча для палякаў". Гэта быў сапраўдны этнацыд беларускага народа.
Сумна вядомым сімвалам стаў канцлагер "Бяроза-Картузская", створаны на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1934 годзе. Туды без суда і следства заключалі людзей, якія выказвалі нязгоду з польскай уладай.
– Але нават такі рэпрэсіўны рэжым аказаўся нямоглым зламаць код беларускай нацыі, прымусіць яе адмовіцца ад сваіх каранёў. Супраціў, з якім сутыкнуліся польскія ўлады на тэрыторыі Заходняй Беларусі, з'яўляецца доказам таго, што беларусы адбыліся як нацыя, гатовая да самастойнага нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, – адзначыла рэктар.
Напрыканцы свайго выступу Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што, як паказала гісторыя, толькі разам, стоячы плячом да пляча, цяжкай і ўпартай працай можна пераадолець любыя выпрабаванні.
Далей на парадку дня стаяла тэма фармавання карысных звычак, якія дазволяць знізіць рызыку стаць ахвярай ашуканцаў. З дакладам "Лічбавая гігіена" выступіў начальнік службы бяспекі ўніверсітэта.
– Лічбавая гігіена – гэта сукупнасць правіл бяспечных паводзін пры выкарыстанні смартфона, кампутара, сацыяльных сетак і іншых лічбавых сэрвісаў. Мы штодня сутыкаемся з паведамленнямі, спасылкамі, анлайн-пакупкамі, банкаўскімі праграмамі і рознымі сайтамі. Лічбавая бяспека залежыць не толькі ад праграм і антывірусаў, але і ад нашых уласных дзеянняў. Галоўны прынцып, які варта запомніць: спыніцца, праверыць інфармацыю, падумаць і толькі потым дзейнічаць, – заклікаў спікер.
У ходзе свайго выступлення ён нагадаў 7 правілаў лічбавай бяспекі: выкарыстанне складаных і ўнікальных пароляў; уключэнне двухфактарнай аўтэнтыфікацыі; захаванне ў сакрэце пароляў і кодаў пацверджання; праверка спасылак і файлаў перад адкрыццём; усталёўка прыкладанняў толькі з афіцыйных крыніц; праверка інфармацыі перад пераводам грошай і апошняе – абарона персанальных дадзеных у інтэрнэце. Выкананне гэтых простых правілаў значна зніжае рызыку сутыкнуцца з лічбавымі пагрозамі. Пасля даклада ўдзельнікі мерапрыемства падзяліліся асабістымі гісторыямі сутыкнення з ашуканцамі.
Трэцяй тэмай у рамках Адзінага дня інфармавання сталі студэнцкія аб'яднанні па інтарэсах. Пра калектывы мастацкай творчасці і спартыўныя секцыі студэнцкага гарадка расказала старшыня студсавета ГрДУ імя Янкі Купалы Карына Місцюк.
Як адзначыла дакладчык, для зручнасці студэнтаў заняткі арганізаваны непасрэдна ў месцах іх пражывання. Каб запісацца ў любое аб'яднанне, навучэнцам дастаткова падаць заяву.
Больш падрабязная інфармацыя аб дзейнасці аб'яднанняў размешчана на інфармацыйных стэндах у інтэрнатах, а таксама на сайце ўніверсітэта ў раздзеле «Ідэалагічная і выхаваўчая праца», падраздзел «Студэнцкі гарадок».