16 верасня плошча ўніверсітэцкага сцяга Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы напоўнілася шумам галасоў і дзелавой атмасферай: тут адбыўся Марафон працаўладкавання. Арганізаваны ў рамках рэспубліканскай ініцыятывы «Вучыся і працуй», кірмаш вакансій сабраў студэнтаў розных курсаў з усёй ВНУ, а таксама прадстаўнікоў вядучых арганізацый Гродзеншчыны.
Такое мерапрыемства праходзіць не ўпершыню. Першая такая сустрэча адбылася ў чэрвені: тады яна аб'яднала больш за 20 заказчыкаў кадраў і каля 1000 студэнтаў, якія жадаюць яшчэ да заканчэння навучання пачаць працу па спецыяльнасці. На гэты раз свае прапановы прадставілі 35 арганізацый, 23 з якіх прысутнічалі вочна, а студэнтам прапанавалі 108 профільных вакансій.
Па словах першага прарэктара ГрДУ Аляксандра Карэўскага, дадзеная пляцоўка – выдатная магчымасць зблізіць навучэнскую моладзь з працадаўцамі:
– У рамках такога ўзаемадзеяння ў заказчыкаў кадраў з'яўляецца выдатная магчымасць сканструяваць будучага спецыяліста пад свае інтарэсы, спецыфіку вытворчасці і карпаратыўную культуру, а ў студэнтаў – папрацаваць без шкоды для вучобы.
Таксама Аляксандр Яўгенавіч адзначыў, што з пачатку верасня дзякуючы ініцыятыве «Вучыся і працуй» у рэгіёне ўжо паспяхова працаўладкаваліся 57 студэнтаў.
З тым, што мерапрыемства дапамагае дапоўніць тэарэтычныя веды практычным вопытам, згодная і студэнтка трэцяга курса спецыяльнасці «Штучны інтэлект» факультэта матэматыкі і інфарматыкі Аляксандра Гаўрылік. Дзяўчына падзялілася, што раней працавала толькі летам у складзе студэнцкага атрада, але сумяшчаць працу з вучобай на старэйшых курсах не баіцца і ўпэўнена ў сваіх сілах.
Праект ужо другі раз стаў для маладых людзей выдатным шанцам са студэнцкай лавы пазнаёміцца з рэальным сектарам эканомікі і вызначыць вектар сваёй будучай кар'еры.