17 верасня ў рамках святкавання Дня народнага адзінства ў Мінску прайшоў маштабны форум «Моладзь. Беларусь. Будучыня», які стаў кульмінацыяй акцыі «Беларусь адзіная». Мерапрыемства сабрала ў Палацы спорту маладых спецыялістаў, прадстаўнікоў маладзёжных арганізацый, прафсаюзаў і палітычных партый, а таксама валанцёраў, навучэнцаў і студэнтаў. У лік удзельнікаў таксама ўвайшлі прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
У дэлегацыю ад Гродзенскай вобласці ўвайшлі 200 актывістаў, у іх ліку – рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, студэнт чацвёртага курса юрыдычнага факультэта Лаўрэнцій Місуна і студэнт трэцяга курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Кірыл Кужалевіч.
У рамках мерапрыемства працавала тэматычная інтэрактыўная выстава «Адна краіна – адзін лёс». Арганізаваная да Дня народнага адзінства і 87-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР яна прадэманстравала гісторыю, сэнс і традыцыі святаў беларускай дзяржаўнасці.
У пачатку маладзёжнага форуму да яго ўдзельнікаў звярнуўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка:
– Мы адзначаем Дзень народнага адзінства. Дзень уз'яднання беларускага народа ў адной дзяржаве, дзень вяртання мільёнаў беларусаў у сваю сям'ю, у сваю Айчыну. Сапраўды лёсавызначальная падзея. 17 верасня – свята асаблівае. У першую чаргу для вас – маладых, актыўных, уцягнутых у грамадскае жыццё краіны. І гэта нагода пагаварыць аб будучыні, якая будуецца на ўроках і вопыце, на падмурку мінулага. Пагаварыць аб вашай будучыні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў будучым моладзі трэба будзе захаваць Беларусь такой, якая яна ёсць. Таксама ён звярнуўся да гасцей форуму з пажаданнем ніколі не спяшацца і ніколі не меркаваць, гледзячы збоку.
Форум быў падзелены на тэматычныя блокі, прысвечаныя нацыянальнай спадчыне, гераізму, працавітасці, міралюбнасці, маладосці і ролі беларускай жанчыны. Кожная тэма была шырока раскрыта з дапамогай канцэртных нумароў, а таксама выступленняў спікераў.
Моладзевы форум «Моладзь. Беларусь. Будучыня» стаў яркім фіналам святкавання Дня народнага адзінства. Сабраўшы прадстаўнікоў розных узростаў і прафесій, ён аб'яднаў іх у адзіным імкненні - любіць сваю Радзіму і будаваць яе будучыню, абапіраючыся на павагу да яе гісторыі і традыцый.