Сёння, 6 кастрычніка, у ГрДУ імя Янкі Купалы дадзены старт навучальнаму семінару «Школа валанцёра». Яго праца разлічана на ўвесь навучальны год: заняткі будуць ісці да 21 мая 2027 года.
Удзельнікамі семінара сталі студэнты розных факультэтаў, якія выказалі жаданне атрымаць тэарэтычныя і практычныя навыкі валанцёрскай дзейнасці і далучыцца да дружнай каманды купалаўскіх валанцёраў.
З прывітальным словам да рабят звярнуўся прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай працы Васіль Сянько. Ён пажадаў удзельнікам поспехаў, адзначыўшы важнасць валанцёрства і актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Аб праграме «Школы валанцёра», валанцёрскім руху Купалаўскага ўніверсітэта і ўзаемадзеянні з Рэспубліканскім валанцёрскім цэнтрам распавяла Валянціна Есіна – сацыяльны педагог 1 катэгорыі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўпраўлення па ідэалагічнай і выхаваўчай працы, кіраўнік падзейнага кірунку Цэнтра валанцёрскай дзейнасці.
Ганаровым госцем сустрэчы стала спецыяліст па рабоце з моладдзю Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Маргарыта Ігараўна Лявонава. Яна падзялілася з удзельнікамі досведам валанцёрскай дзейнасці абласной арганізацыі.
Наперадзе ў купалаўцаў – насычаны навучальны год, новыя веды, практыка і добрыя справы. Няхай «Школа валанцёра» стане для кожнага з іх важным крокам на шляху да неабыякавасці, дапамогі іншым і сапраўднай каманднай працы!