23 мая ў Купалаўскім універсітэце адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў 17 слухачам аб заканчэнні падрыхтоўчага аддзялення. Начальнік Цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі Алена Лапкоўская ўручыла пасведчанні і павіншавала выпускнікоў з паспяховым завяршэннем навучання, адзначыўшы важнасць гэтага этапа на шляху да іх акадэмічных мэт.
На працягу васьмі месяцаў слухачы вывучалі ключавыя прадметы, неабходныя для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Праграма навучання была накіравана на ліквідацыю прабелаў у ведах і знаёмства з універсітэтам, што дазволіла ім набыць упэўненасць у сваіх сілах і падрыхтаваць аснову для далейшага навучання.
Алена Мікалаеўна падкрэсліла, што ўсе выпускнікі падрыхтоўчага аддзялення плануюць прадоўжыць сваё навучанне ў Купалаўскім універсітэце.
– Дарагія выпускнікі, вы зрабілі важны крок на шляху да сваёй мары. Мы ганарымся вашымі дасягненнямі і тым, што вы прайшлі гэты шлях разам з намі Ваша праца і намаганні не засталіся незаўважанымі, і цяпер вы гатовыя да новых выклікаў.
Віншуем усіх выпускнікоў падрыхтоўчага аддзялення з гэтай значнай падзеяй!