Летняя школа беларускай мовы і культуры працягвае адкрываць замежным удзельнікам патаемныя старонкі нашай спадчыны. Сёння мы зробім акцэнт на літаратурным блоку, прысвечаным постаці, без якой немагчыма ўявіць класічную беларускую прозу.
Пра талент і спадчыну народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа навучэнцам распавяла дацэнт кафедры беларускай філалогіі Святлана Тарасава. Выбар гэтай тэмы заканамерны: 6 лютага споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння мастака слова. Гэты юбілейны год праходзіць пад знакам пашаны да яго творчасці – Мележу прысвечаны публікацыі ў часопісах, навуковыя зборнікі і тэматычныя імпрэзы. Арганізатарам Летняй школы таксама хацелася паказаць замежным гасцям унікальнасць таленту генія, роўнага якому па маштабе і глыбіні ў беларускай прозе дагэтуль не з’явілася.
– Унікальнасць Івана Мележа тлумачыцца тым, што сваім Палессем ён, па сутнасці, нанова адкрыў беларусам Беларусь. Яго творы – гэта міні-праекцыя таго, як жывуць розныя рэгіёны нашай краіны. Нягледзячы на тое, што кожны куток мае свае самабытныя рысы, тыя адзнакі, якія вылучыў Іван Мележ у сваёй «Палескай хроніцы», з’яўляюцца найбольш рэалістычнай асновай, характэрнай для беларускага народа ў цэлым, – падкрэсліла Святлана Тарасава.
Дзякуючы такім заняткам навучэнцы Летняй школы не проста папаўняюць слоўнікавы запас, але і пачынаюць разумець кантэкст беларускай культуры праз прызму класічных твораў.