У рамках штогадовай акцыі "Збяром партфель разам" члены першаснай арганізацыі ГрДУ імя Янкі Купалы ГА "Беларускі саюз жанчын" арганізавалі кранальнае свята для выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу сям'і Кароль у Гродне. Купалаўцы павіншавалі дзяцей з Днём ведаў і ўручылі падарункі, якія спатрэбяцца ім у новым навучальным годзе.
Як падкрэсліла старшыня Беларускага саюза жанчын Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Марына Карпіцкая, гэтая штогадовая рэспубліканская ініцыятыва дапамагае сабрацца ў школу дзецям са шматдзетных сем'яў і тым, хто знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі.
У вялікіх каробках валанцёры прывезлі выхаванцам усё неабходнае для вучобы: яркія канцылярскія прыналежнасці, сшыткі, альбомы для малявання і заплечнікі. Асаблівым сюрпрызам для дзяцей сталі салодкія пачастункі.
Завяршылася сустрэча цёплымі пажаданнямі. Удзельнікі акцыі пажадалі, каб кожны дзень школьнікаў быў напоўнены новымі ведамі, яскравымі падзеямі і выдатным настроем.