6 верасня цэнтральныя вуліцы Мінска ператварыліся ў бегавую арэну. Тут прайшла самая масавая спартыўная падзея Беларусі – Мінскі паўмарафон-2026. У гэтым годзе ў ім прынялі ўдзел звыш 25 тысяч чалавек з 41 краіны. Сярод удзельнікаў – прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Усяго ў рамках паўмарафона праводзіліся забегі на тры дыстанцыі – 21,1 кіламетра, 10 кіламетраў і 5 кіламетраў. Таксама ў праграме мерапрыемства прайшлі сямейны і фан-забег.
Па выніках напружанай барацьбы хуткасці і цягавітасці прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта выдатна сябе паказалі і занялі прызавыя месцы. На дыстанцыі 21,1 кіламетра першае месца ва ўзроставай катэгорыі 25-29 гадоў і сёмае месца ў абсалютным заліку заняў студэнт першага курса завочнага аддзялення факультэта фізічнай культуры Артур Тубелевіч. Інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце спартыўнага клуба Аляксандр Сілівончык заняў сёмае месца ва ўзроставай катэгорыі 18-24 гады на гэтай жа дыстанцыі.
На дыстанцыі 10 кіламетраў студэнт трэцяга курса юрыдычнага факультэта Максім Гарадко заняў пятае месца ва ўзроставай катэгорыі 16-24 гады.
Студэнт чацвёртага курса факультэта фізічнай культуры Аляксей Гіль заняў сёмае месца ва ўзроставай катэгорыі да 30 гадоў на дыстанцыі 5 кіламетраў.
Віншуем купалаўцаў!