З пачатку кастрычніка навучальны цэнтр «Школа дакладных навук» факультэта матэматыкі і інфарматыкі запусціў серыю вебінараў па падрыхтоўцы навучэнцаў 8-9 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці да раённага і абласнога этапаў алімпіяды па матэматыцы.
Вебінары праходзяць штотыдзень па чацвяргах з 16:00 да 17:20 на працягу кастрычніка. Першы занятак, які адбыўся 1 кастрычніка, сабраў 32 удзельнікі – навучэнцаў і педагогаў школ Гродзенскай вобласці. Яны паўтаралі, вывучалі новы матэрыял і вырашалі алімпіядныя заданні па тэме «Дзялімасць. НАД, НАК». На другім занятку 8 кастрычніка 84 навучэнцы і педагогі паглыбілі свае веды па тэме «Інварыянты» і замацавалі ўменне вырашаць задачы тыпу «Ці можна?».
Заняткі праводзяць вопытныя настаўнікі: кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, начальнік Цэнтра развіцця кар'еры ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Карлюкова і магістр педагагічных навук, настаўнік матэматыкі ДУА «Гімназія №1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага горада Гродна» Яўген Разумаў.
Наступны занятак адбудзецца 15 кастрычніка і будзе прысвечаны тэме "Метад матэматычнай індукцыі". Рыхтуйцеся да алімпіядаў па матэматыцы з Купалаўскім універсітэтам!
Усе неабходныя матэрыялы – спасылка на падлучэнне, тэарэтычны матэрыял і разбор заданняў – размяшчаюцца ў Telegram-канале Алімп ШТН 8-9.